BE RU EN

Стэфановіча выклікалі ў падатковую інспекцыю

  • 19.10.2011, 13:02

Падаткавікі маюць намер спагнаць з праваабаронца 31 млн. 500 тыс. рублёў нібыта схаванага падатку.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч выкліканы ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна Менска «для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе». Пра гэта Стэфановіч паведаміў БелаПАН.

Па ягоных словах, ён атрымаў позву з ІМПЗ Партызанскага раёна Менска. «Мяне выклікаюць да 14 гадзіны 19 кастрычніка да намесніцы начальніка аддзела Угольнік Алены Юр'еўны для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе. Вынікам гэтага працэсу можа стаць складанне адміністрацыйнага пратаколу і накладанне адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўхіленне ад падаткаабкладання. Начальнік і намеснік начальніка ІМПЗ маюць такое права», - сказаў Стэфановіч.

«Якім бы ні быў вынік паходу ў падатковую, я гэты вынік буду абскарджваць. Я лічу, што ўсе падаткі я плаціў спраўна і ад іх выплаты не ўхіляўся», - сказаў Стэфановіч.

Нагадаем, падатковая інспекцыя Партызанскага раёна Менска мае намер спагнаць з Валянціна Стэфановіча 31 млн. 500 тыс. рублёў нібыта схаванага падатку, а таксама 6 млн. пені. Сума нібыта не выплачаным Стэфановічам падаткаў разлічаная з ягоных замежных рахункаў, інфармацыя аб якіх была перададзеная ў Беларусь з Літвы. Як заявіў Стэфановіч, ён не згодны з выстаўленымі прэтэнзіямі Міністэрства па падатках і зборах. «Сродкі на маіх рахунках не з'яўляюцца маім прыбыткам і, адпаведна, не падлягаюць падаткаабкладанню. Розныя фонды дасылалі грошы на мой рахунак выключна на праваабарончую дзейнасць, у тым ліку для перадачы трэцім асобам у якасці дапамогі», - сказаў Стэфановіч.

Апошнія навіны