Пенсіянер просіць выдаць яму гранатамёт супраць казлоў
- 10.11.2011, 18:13
Пенсіянер МУС папрасіў гомельскага генерал-губернатара Дворніка залічыць яго ў тэрытарыяльныя войскі.
Як паведаміў БелаПАН Уладзімір Няпомняшчых, у сваім звароце ён цытуе прэзідэнта Беларусі і на падставе словаў кіраўніка дзяржавы просіць даць яму магчымасць удзельнічаць у абароне тэрыторыі Беларусі.
«Я слухаў палымяную прамову прэзідэнта аб стварэнні тэрытарыяльных войскаў, вельмі натхніўся ёй, і ўсю прамову заканспектаваў. Прэзідэнт казаў, што, цытую: трэба падрыхтаваць насельніцтва, каб у патрэбны момант ўзялі хто аўтамат, хто кулямёт, прыйдзецца ваяваць, мы, мужыкі, павінныя абараняць свой дом, трэба памерці, значыць, памром першымі. Я гатовы служыць нават радавым. Я раней быў прадпрымальнікам, дакладней, «вашывай блахой», назапасіў капітал, які захоўваю ў «Беларусбанку», і, як казаў прэзідэнт, мне ёсць што губляць. Вядома, паміраць першым я не мае намеру, ёсць больш годныя», - піша ў заяве пенсіянер МУС.
У звароце ён таксама выказвае гатовасць ўзяць у рукі зброю і просіць выдаць яму снайперскую вінтоўку, «а лепш гранатамёт». «І паверце, яны ніколі сюды не сунуцца: ніякія казлы, адмарозкі, пятая калона. Колькі ўжо можна здзекавацца над шматпакутным беларускім народам? А то, глядзі, як расперазаліся - разарвалі жыўцом лепшага сябра беларускага народа Муамара Кадафі. У стабільнай квітнеючай Беларусі мы такога не дапусцім», - запэўнівае кіраўніка вобласці Няпомняшчых.