Пазьняк заклікае беларусаў да ўзброенай барацьбы? (Відэа)
- 30.11.2011, 13:31
Лідэр КХП БНФ адзначае, што беларускай нацыі не хапае «змагарскага духу».
Выступаючы ў Нью-Ёрку з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну Зянон Пазьняк заявіў:
«Сёння ў нас зусім іншая сітуацыя. Тады, у 20-я гады, і наогул у першай палове 20 стагоддзя, адзіным метадам барацьбы за свабоду быў метад ўзброенай барацьбы. Іншых метадаў не было. Грамадства не ведала, таму што грамадства было такое. І калі трэба было змагацца за свабоду, кожны разумеў: павінная быць гатовасць ісці на смерць.
Зараз падыход іншы. Цяпер у нас міжнародныя арганізацыі, вольны друк, правы чалавека, розныя асацыяцыі, дэмакратыя, хуткія сродкі сувязі, міжнароднае меркаванне, міжнародны суд. І зараз барацьба за свабоду, так як разумеюсь у нас, гэта барацьба дэмакратычнымі метадамі, шляхам народнай нязгоды, супраціву, шляхам удзелу ў выбарах, шляхам выказвання пратэстаў, апеляцыямі да міжнародных арганізацый.
Дык вось, дылема ў тым, што сённяшняя ўлада, сённяшняя хунта, якая захапіла ўладу ў Беларусі, яна не лічыцца ні з якімі законамі (ні з міжнароднымі, ні са сваімі), ні з якім меркаваннем народа. І дылема: як змяніць гэтую ўладу негвалтоўным спосабам, калі законы не дзейнічаюць? І калі узурпатар гэтай улады адкрыта кажа, што ён будзе знішчаць гэты народ, гэта супраціў узброеным шляхам і абвясціў аб стварэнні 120-тысячнага войска? Як у гэтай сітуацыі вырашыць гэтую дылему? Аказваецца, што тады, у 20-я гады, калі і з аднаго, і з другога боку былі чужыя войскі, тады гэта выглядала больш простым рашэннем для барацьбы, чым сёння. І народ быў на гэта здольны, хоць сілы былі надзвычай няроўнымі.
Гэтае свята, гэты гістарычны прыклад паказвае нам, што мы вырашым нашую праблему тады, калі ў нас адродзіцца гэты змагарскі дух. Калі адродзіцца дух случчакоў. Гатовасць ісці на барацьбу, гатовасць змагацца, таму што змагацца трэба за волю, за сваю Айчыну, не думаючы, колькі ворагаў, не думаючы, што Расея вялікая і ў Лукашэнкі АМАП і што заўгодна. Менавіта змагарскага духу не хапае, таму што ўсе мы кажам: «народ баіцца, народ запалоханы, народ не мае ніякіх правоў...». Слуцкі прыклад паказвае нам, як трэба змагацца. І гэта галоўнае. Як толькі гэта будзе - тады не будуць задаваць пытанні: а што нам рабіць, а як нам быць, а, можа, Амерыка, а, можа, яшчэ што... Тады не будуць задавацца пытанні».