BE RU EN

Пенсіянераў вымушаюць ўзяцца за вілы

  • 1.12.2011, 11:06

Гомельскі грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых атрымаў адказ з аблвыканкама на сваю прапанову стаць першым добраахвотнікам мясцовых тэрытарыяльных сіл.

Ліст Уладзіміру даслаў начальнік аддзела каардынацыі дзейнасці адміністрацыйных органаў і ваенна-мабілізацыйнай працы ўпраўлення справамі аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Ад імя аблвыканкама ён выказаў «падзяку за праяўлены патрыятызм, гатовасць са зброяй у руках у выпадку неабходнасці абараніць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь у складзе войскаў тэрытарыяльнай абароны». Аднак у прызыве на службу ў тэрытарыяльныя войскі Уладзіміру адмовілі, бо ён дасягнуў «межавага ўзросту - 50 гадоў і ў 2002 годзе зняты з ваеннага ўліку».

У лісце начальнік аддзела ваенна-мабілізацыйнай працы, яшчэ раз дзякуючы за любоў да Радзімы, назваў Уладзіміра «Аляксандрам Міхайлавічам». «Я не вельмі засмучаны з-за адмовы: дзед Талаш і ў 90 гадоў партызаніў, абараняў Айчыну. Не дадуць снайперскіх вінтовак, ёсць вілы, косы», - кажа Няпомняшчых.

Актывіст яшчэ 10 лістапада звярнуўся з пісьмовай заявай да старшыні аблвыканкама, генерал-маёра Уладзіміра Дворніка - прасіў «залічыць у тэрытарыяльныя войскі» і выдаць «снайперскія вінтоўкі, а лепш - гранатамёт». У заяве першы добраахвотнік мясцовых тэрытарыяльных сіл растлумачыў, што на такі крок яго натхніў выступ па тэлебачанні галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. І асабліва ягоныя словы аб стварэнні «новага войска» і аб тым, што «ядром такіх фарміраванняў павінныя быць бізнесмены».

Няпомняшчых пісаў, што яму таксама ёсць што абараняць: «Я раней быў індывідуальным прадпрымальнікам, бізнесменам, хоць называўся «вашывай блыхой». Сабраў капітал у беларускіх рублях, які захоўваецца ў самым надзейным банку свету - «Беларусбанку». Добраахвотнік быў перакананы, што з ягоным прыходам у тэрытарыяльныя войскі Гомельшчыны сюды не сунуцца ніякія «казлы», ніякія «адмарозкі», ніякая «пятая калона».

Апошнія навіны