Амбасадар Вялікабрытаніі сустрэлася з роднымі палітвязняў
- 18.03.2011, 12:13
«Цяжка ўявіць, што мы гаворым пра падзеі, якія адбываюцца ў нашыя дні ў еўрапейскай краіне», - сказала Размары Томас.
17 сакавіка амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Размары Томас сустрэлася са сваякамі палітычных зняволеных.
У ходзе сустрэчы жанчыны, родныя якіх абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года, распавялі пра тое, якія намаганні яны прыкладаюць, каб дамагчыся захавання правоў зняволеных, паведамілі БелаПАН у прэс-службе брытанскай дыпмісіі.
Асаблівую заклапочанасць Томас выклікала інфармацыя пра тое, што ў парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі адзін з вязняў, 26-гадовы Зміцер Буланаў, да гэтага часу не атрымлівае неабходнага лячэння і ягонае здароўе працягвае пагаршацца. Амбасадарка падкрэсліла, што ўрад Вялікабрытаніі лічыць палітычна матываванымі таксама абвінавачванні ў хуліганстве, прад'яўленыя Зміцеру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву.
«Цяжка ўявіць, што мы гаворым пра падзеі, якія адбываюцца ў нашыя дні ў еўрапейскай краіне», - сказала Томас.