Літоўскія «бензавозы» карыстаюцца валютным хаосам у Беларусі
- 18.05.2011, 13:44
Літоўскія перавозчыкі беларускага паліва выйгралі на валютным крызісе ў Беларусі.
Пра гэта карэспандэнту ІА REGNUM сёння, 18 мая, распавёў адзін з кіроўцаў маршрутных таксі ў Вільні, які ў вольны ад асноўнай працы час займаецца перавозкай кантрабанднага паліва з Беларусі ў Літву.
На ўмовах ананімнасці суразмоўца распавёў схему, якім чынам літоўскія перавозчыкі выйгралі ад крызісу. «Раней мы проста закуплялі паліва ў Беларусі, гналі яго ў Літву, злівалі прадаўцам, і паўтаралі ходку. Калі даляр адвязалі, стала выгодна купляць яго ў Літве па стабільным курсе, ехаць з далярамі ў Беларусь, здаваць іх там па вар'яцкім курсе і закупляць паліва , якое яшчэ не падаражэла. Такім чынам, атрымліваецца двайны бізнес», - растлумачыў суразмоўца.
Па ягоных словах, цяпер, калі ў самой Беларусі зразумелі гэтую схему, стала больш складана, паколькі курс беларускага рубля да даляра усюды розны і некаторыя гандляры разумеюць, што перад імі не беларус, таму пачынаюць хітрыць і прымаць валюту па нявыгадным курсе. Аднак і ў самой Літве, па меншай меры, адзін у Вільні пункт па абмену валюты, які знаходзіцца на вакзале і стаў сапраўдным месцам паломніцтва перагоншчыкаў, працуе з беларускімі рублямі. «У нас нядаўна адзін калега паехаў у Беларусь з далярамі, памяняў там па адным курсе, купіў паліва па іхнім кошце, а потым мы ўжо тут над ім смяяліся, што ў пераліку на паліва ў яго курс даляра атрымаўся 2,07 літа за адзін даляр, хоць афіцыйны курс значна вышэйшы. Але ён усё роўна ў выніку не прайграў, паколькі бензін у нас у два разы даражэйшы, так што грошы ён адбіў, але мог бы зарабіць больш», - сказаў ён.