Польшча і Чэхія абмяркоўваюць агульную пазіцыю па Беларусі
- 18.07.2011, 11:53
15 ліпеня польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск наведаў з аднадзённым візітам Прагу.
Як паведамляе выданне The Warsaw Voice, польскі прэм'ер абмеркаваў з кіраўніцтвам Чэхіі супрацоўніцтва ў межах Вышаградскай групы і старшынства Польшчы ў ЕЗ. Туск сустрэўся з чэшскім прэм'ер-міністрам Пятром Нячасам і прэзідэнтам Вацлавам Клаўсам. Удзельнікі перамоваў абмеркавалі праграму ЕЗ «Усходняе партнёрства» і арганізацыю ў Варшаве вераснёўскага саміту Усходняга партнёрства.
Акрамя гэтага, у ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія датычацца выпрацоўкі агульнай пазіцыі Польшчы і Чэхіі ў адносінах з Беларуссю, Расеяй і Украінай, паведамляе польскае выданне.
Усходняе партнёрства - ініцыятыва ЕЗ, накіраваная на шэсць краін Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказу: Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. Была заснавана 27 краінамі - ўдзельніцамі ЕЗ і шасцю партнёрскімі дзяржавамі на саміце ў Празе 7 мая 2009 года. Ініцыятыва мае на мэце на ўмацаванне адносінаў паміж ЕЗ і ягонымі ўсходнімі суседзямі за кошт паглыблення палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.
Вышаградская група («Вышаградская чацвёрка», V4) - саюз Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Адлюстроўвае імкненне гэтых цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаваў супрацоўнічаць па шэрагу напрамкаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, у межах еўрапейскай інтэграцыі. Група была ўтвораная 15 лютага 1991 на сустрэчы прэзідэнтаў Венгрыі, Польшчы і Чэхаславакіі ў Вышаградзе (Венгрыя).