Хлебаробы «пад мухай»
- 3.08.2011, 14:36
У Беларусі з пачатку года на працоўных месцах было выяўлена больш за 900 нецвярозых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, у тым ліку больш за 400 вартаўнікоў.
Пра гэта распавёў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Беларусі Алег Каразей 3 жніўня ў Менску, паведамляе БелаПАН.
Па ягоных словах, менавіта «выяўленне асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення на працоўным месцы ў працоўны час», з'яўляецца адной з асноўных задач працы органаў унутраных справаў у дачыненні да сельскай гаспадарцы. Каразей адзначыў нязначны рост колькасці правапарушэнняў, звязаных з ужываннем спіртных напояў на працоўным месцы, у параўнанні з мінулым годам.
З пачатку года зарэгістравана больш за тысячу выпадкаў крадзяжу маёмасці прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Для прафілактыкі падобных выпадкаў «органамі ўнутраных справаў уносіцца прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоваў, якія спрыяюць правапарушэнням», адзначыў міліцэйскі чыноўнік. Супрацоўнікі МУС у гэтым годзе ўжо ўнеслі каля 500 такіх прадстаўленняў, у выніку чаго больш за 80 кіраўнікоў гаспадарак былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне рэкамендацый.