Улады: Людзі ў цывільным - гэта афіцэр плюс два сяржанты
- 4.08.2011, 16:16
Пра тое, што ў цывільным па серадах працавалі сілавікі, заявіў старшыня УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі.
Па словах чыноўніка, у ходзе «народных гулянняў» па серадах міліцыя працавала строга ў межах закона, перадае «Белсат».
«Нікога з затрыманых міліцыянты не абражалі. Людзі ў цывільным адзенні - гэта супрацоўнікі міліцыі. Як рыхтаваліся да сваёй працы арганізатары акцыі, гэтак жа рыхтавалася і міліцыя. У апошніх акцыях пераважна былі задзейнічаны групы ў складзе афіцэра і двух сяржантаў», - распавёў Сычэўскі.
Уладзімір Сычэўскі сцвярджае, што міліцыя паводзіла сябе карэктна. «У пракуратуру горада не паступіла ніводнай заявы ад затрыманых з абскарджаннем дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Чыноўнік дадае, што міліцыя працавала ва ўзмоцненым рэжыме, бо рашэннем уладаў вызначаныя асобныя месцы для мітынгаў і маніфестацый. У Брэсце гэта парк воінаў-інтэрнацыяналістаў і стадыён «Лакаматыў». Дарэчы, брэсцкія міліцыянты нібыта разглядалі ў якасці аднаго з варыянтаў забіраць людзей падчас маўклівых акцый у цэнтры горада і адвозіць іх на дазволеныя для сустрэч пляцоўкі.
Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», за час акцый па серадах ў Брэсце затрымалі каля сотні чалавек.
У большасці выпадкаў іх вінавацілі ў дробным хуліганстве і каралі штрафамі ці арыштамі ад 5 да 15 дзён.
Праваабаронца Уладзімір Лабковіч тлумачыць, што згодна з законам міліцыянты маюць права працаваць у цывільным: «Але разам з тым, яны абавязаныя дзейнічаць у межах закона. Гэта значыць, пры затрыманні прадстаўляцца, называць прычыну затрымання і не выкарыстоўваць беспадстаўна фізічную сілу.
Але ў Брэсце, як па ўсёй краіне, праваабаронцы і журналісты зафіксавалі іншыя выпадкі. Цяпер, калі старшыня брэсцкай міліцыі сказаў, кім былі гэтыя людзі ў цывільным, трэба звяртацца са скаргамі ў пракуратуру».