Эксперт: Ідыёты ўцягнулі краіну ў даўгі
- 31.01.2012, 10:52
Вядомы беларускі эканаміст Леанід Заіка лічыць, што сёння Беларусі супрацьпаказана браць крэдыты.
Учора падчас прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзея Ермакова паведаміла, што беларускія ўлады працягваюць перамовы з Міжнародным валютным фондам: «Нашае хадайніцтва з нагоды працягу крэдытнай праграмы ёсць ў МВФ, і мы ў лютым на гэтую тэму таксама будзем весці размову».
Кіраўніца Нацбанка патлумачыла, што Беларусь вылучыла прапанову па рэфінансаванні сваёй запазычанасці, якая ёсць перад МВФ. Гэтая запазычанасць ацэньваецца ў 3,8 мільярда даляраў, піша Товарищ.online.
«Беларусі зараз крэдыты не патрэбныя. Гэта, як медыцынскае заключэнне: браць грошай не трэба!» - лічыць Леанід Заіка.
Сваё меркаванне ён матываваў тым, што нават ужо сукупны доўг краіны складае больш за 25 мільярдаў даляраў.
«Больш, чым 2,5 тысячы даляраў на кожнага грамадзяніна. Людзі нашыч хоць разумеюць, што кожная сям'я з чатырох чалавек вінная больш за 10 тысяч даляраў? Людзі не ведаюць гэтага. Яны купляюць машыны, бяруць крэдыты...» - адзначыў эканаміст.
Па ягоных словах, ніякай палітыкі ў разглядзе пытання аб прадастаўленні крэдыту з боку Міжнароднага валютнага фонду не будзе.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што не бачыць «ніякага сэнсу ў гэтым крэдыце»: «У нас ёсць 8 мільярдаў даляраў рэзерваў, навошта яшчэ? Навошта браць крэдыты, хто іх будзе аддаваць? І так нейкія ідыёты нараілі Лукашэнку еўрабонды запусціць. Я 15 гадоў быў прынцыповым праціўнікам еўрабондаў. Зараз за гэтыя еўрабонды трэба плаціць 14-16% гадавых. У свайго насельніцтва бяруць валюту пад 8%, а ў замежнікаў - бярэ пад 16%. Ну не ідыёты, ці што?»
Нагадаем, у канцы года ў ходзе прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што рэальны аб'ём крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) на прымальных для Беларусі ўмовах можа скласці 2,5-3 мільярды даляраў: "Нават калі 5 млрд дадуць, мы пагодзімся. Але я думаю самы рэальны аб'ём, калі яны не будуць нам вылучаць непрымальных умоваў, гэта - 2,5-3 мільярды даляраў».