Мікалай Казлоў прад'явіць суду сведак
- 31.01.2012, 11:56
У пятніцу 3 лютага ў Менскім гарадскім судзе павінны адбыцца разгляд касацыйнай скаргі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова.
Афіцэр гатовы ў чарговы раз даказаць, што яго незаконна затрымалі 19 снежня 2011 года, а потым пакаралі 5 суткамі арышту за тое, чаго ён не здзяйсняў. Больш за тое, адміністрацыйная справа ў дачыненні да Казлова была сфабрыкаваная, піша «Народная воля».
Нагадаем, падпалкоўніка ў запасе Мікалая Казлова людзі ў цывільным затрымалі 19 снежня на пешаходным пераходзе каля Кастрычніцкай плошчы, а пазней у міліцэйскім рапарце напісалі, што Казлоў быў затрыманы ля Чырвонага касцёла (у той вечар ля касцёла менчукі запальвалі свечкі ў знак салідарнасці з палітвязнямі, арыштаванымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года).
Затрымалі Казлова нібыта за тое, што ён лаяўся матам і парушаў грамадскі парадак. Афмцэра, які «правініўся», змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, а потым судзілі.
У судзе Маскоўскага раёна былы супрацоўнік міліцыі прад'явіў такія доказы сваёй невінаватасці, што паадвалася б, яго тут жа павінныя адпусціць. Па-першае, ён прапанаваў суду ўсталяваць і дапытаць сведак, якія знаходзіліся з ім у адным аўтазаку пасля ягонага затрымання на Кастрычніцкай плошчы. Па-другое, запытаць у аператара сотавай сувязі раздрукоўку ягоных тэлефонных злучэнняў за той перыяд часу, калі, як было паказана ў рапарце, Казлоў парушаў грамадскі парадак ля Чырвонага касцёла. Але сведак суддзя Чарняк, якая вяла гэтае паседжанне, шукаць не стала. Раздрукоўку тэлефонных злучэнняў, якую ў кампаніі сотавай сувязі ўсё ж запыталі, да ведама не прыняла. Хоць па тэлефанаваннях Казлова лёгка ўсталёўвалася, што ў той час, калі супрацоўнікі міліцыі прыпісалі яму парушэнне грамадскага парадку ў Чырвонага касцёла, ён знаходзіўся ў раёне Палаца афіцэраў, г.зн. Кастрычніцкай плошчы!
У пятніцу ў Менскі гарадскі суд павінныч прыйсці сведкі, якія знаходзіліся ў той вечар разам з Мікалаем Казловым ў аўтазаку, а потым былі дастаўленыя ў Кастрычніцкае РАУС. Іх з дапамогай Аб'яднанай грамадзянскай партыі знайшоў сам Мікалай. І людзі гатовыя пацвердзіць словы Казлова ў судзе. Здавалася б, якія яшчэ патрэбныя аргументы! Але што вырашыць Менскі гарадскі суд - прыме да ведама довады падпалкоўніка міліцыі ў запасе або пагадзіцца з рашэннем, вынесеным суддзёй Чарняк, магчыма, стане вядома ў пятніцу. Паседжанне прызначанае на 15.00.
Нагадаем, што пра падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова ўся краіна даведалася ў 2010 годзе, калі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ён распавёў аб скандальным факце фальсіфікацыі вынікаў датэрміновага галасавання ў «палату прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Рэспублікі Беларусь у верасні 2008 года, сведкам якога ён быў.