BE RU EN

Працаўнікоў «Атланта» трымаюць за рабоў

  • 14.02.2012, 15:30

Услед за Барысавам і Пінскам канфлікт з кіраўніцтвам прадпрыемства узнік на баранавіцкім «Атланце».

Каб засцерагчы сябе ад магчымых рэпрэсій, працаўнікі прадпрыемства падрыхтавалі пытанні да адміністрацыі і прафкама «Атланта». Сустрэча адбудзецца ў аўторак увечары.

- Канфлікт з начальніцай участка ўзнік даўно, - распавяла «Салідарнасці» на ўмовах ананімнасці супрацоўніца цэха зборкі рухавікоў пральных машын. - Мы ад яе збеглі з іншага ўчастку, а потым яе перавялі да нас. Яна нас за людзей не лічыць! Прымушае працаваць па выходных бясплатна. У снежні, бывала, працавалі па 10-15 гадзін на дзень. Як нам патлумачылі, гэта з-за прастояў ў лістападзе, якія паўсталі, таму што на прадпрыемства не прывезлі камплектацыю. Людзі баяцца гаварыць аб праблемах начальству. Інакш цябе з'ядуць!

Па словах працаўніцы, ейныя калегі маюць вельмі прывіднае ўяўленне аб нарміраванні сваёй працы і пра тое, чаму людзям не аплачваецца сумяшчальніцтва. Запытвацца баяцца, таму што начальства можа пазбавіць прэміі або паменшыць заробак.

Канфлікт на «Атланце» - трэці за апошні тыдзень у сферы прамысловасці. У панядзелак незадаволенасць нізкай заработнай платай выказалі адміністрацыі прадпрыемства працоўныя Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання. Раней сваю нязгоду з жабрацкім заробкам выказалі швачкі пінскага прамыслова-гандлёвага аб'яднання «Палессе».

Апошнія навіны