Касмічная «адысея» Лукашэнкі зноў правалілася
- 3.02.2012, 11:52
Запуск беларускага спадарожніка зноў адкладзены.
У чарговы раз адкладзены запуск расейскага і беларускага касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі «Канопус-В» і БКА, які неаднаразова пераносіўся з-за тэхнічных праблем, паведаміла «Інтэрфаксу-АВН» крыніца ў ракетна-касмічнай галіне РФ. «Размова аб запуску апаратаў у сакавіку ўжо не ідзе, добра, калі ў паказаным месяцы касмічныя апараты будуць дастаўленыя на касмадром. Новыя тэрміны запуску пакуль невядомыя», - сказаў суразмоўца.
Запуск апаратаў на арбіту плануецца здзейсніць з касмадрома Байканур з дапамогай ракеты-носьбіта «Саюз-ФГ».
Спадарожнік «Канопус-В» будуецца ва Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце электрамеханікі (УНДІЭМ) і прызначаны для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ). Спадарожнік мае масу каля 400 кг і будзе працаваць на кругавой арбіце вышынёй 510 км.
Беларускі касмічны апарат (БКА) па канструкцыі і задачах аналагічны спадарожніку «Канопус-Вю. На арбіце абодва спадарожнікі павінныя будуць скласці адзіную сістэму ДЗЗ.