BE RU EN

Заіка: Калі ўвядуць 3-гадовую адпрацоўку, то ўся моладзь з'едзе з Беларусі

  • 3.02.2012, 13:43

Выказванне віцэ-прэм'ера аб магчымасці павелічэння адпрацоўкі па размеркаванні да трох гадоў выклікала бурную рэакцыю сярод студэнтаў.

Аб тым, наколькі верагодная рэалізацыя ініцыятывы віцэ-прэм'ера, распавялі прэс-сакратар міністэрства адукацыі Юлія Ваніна і вядомы беларускі эканаміст і палітолаг Леанід Заіка, піша onliner.by.

- Юлія Аляксандраўна, на ваш погляд, ініцыятыва віцэ-прэм'ера знойдзе падтрымку ў Мінадукацыі? Магчыма, ужо вядзецца абмеркаванне новага законапраекта?

- На дадзены момант ніякай падрыхтоўкі законапраекта па пытанні павелічэння часу адпрацоўкі па размеркаванні не вядзецца. Не вядзецца нават абмеркаванне гэтага пытання. Я лічу, што ініцыятыва віцэ-прэм'ера наўрад ці будзе падтрыманая ў Мінадукацыі. Калі бесстаронне ацаніць мэтазгоднасць такога новаўвядзення, то становіцца зразумела, што яно выгаднае вельмі невялікай колькасці студэнтаў.

- Якую канкрэтна выгаду вы маеце на ўвазе?

- Пад выгадай я разумею рашэнне жыллёвых праблем некаторых студэнтаў. Справа ў тым, што пры працы па размеркаванні частка арганізацый падае маладым спецыялістам пакой у інтэрнаце альбо кампенсуе выдаткі на арэнду жылля на час працы на прадпрыемстве. Таму для такіх студэнтаў павелічэнне часу адпрацоўкі было б дабром. Але паўтару яшчэ раз, што пакуль ніякіх практычных крокаў у напрамку павелічэння тэрміну працы па размеркаванні не робіцца.

- А як часта студэнты спрабуюць пазбегнуць абавязковай адпрацоўкі на прадпрыемстве і не з'яўляюцца па месцы размеркавання?

- Такія выпадкі сапраўды часам адбываюцца. Аднак яны носяць адзінкавы характар. Справа ў тым, што большасць студэнтаў да моманту размеркавання паспяваюць знайсці прывабную для сябе арганізацыю і не чакаюць, пакуль іх размяркуюць па разнарадцы. З тых жа, хто спрабуе пазбегнуць адпрацоўкі, у судовым парадку ВНУ спаганяюць поўны кошт сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на навучанне студэнта.

- Леанід Фёдаравіч, на ваш погляд, наколькі балючымі для студэнтаў могуць стаць гэтыя новаўводзіны?

- Дзяржава выдаткоўвае на падрыхтоўку маладых спецыялістаў, навучэнцаў на бюджэтнай аснове, значную суму грошай. І таму студэнты павінныя разумець, што гэтыя грошы ім потым так ці інакш прыйдзецца заплаціць. Таму кожны можа выбіраць. Зараз у некаторых ВНУ можна знайсці ўсяго 10% бюджэтнікаў, але ў цэлым па краіне гэта недзе каля 50% бюджэтных месцаў. І гэта нармальная сітуацыя: людзі заключаюць дамову з адукацыйнымі ўстановамі, і потым іх накіроўваюць у месцы, што вызначаюцца дзяржаўнымі патрэбамі. Ніякіх парушэнняў ні ў эканамічным сэнсе, ні ў грамадзянска-прававым я тут не бачу.

- Ці не зашмат прапаноўваецца адпрацоўваць маладым спецыялістам, адразу 3 гады замест 2?

- Могуць увесці і на 3 гады, чаму не? Гэта звязана з тым, што заробак у Беларусі цяпер у 2-2,5 разы ніжэйшы, чым у суседняй Расеі. І калі будзе выкананне запланаванага прыросту рэальнага заробку на 4% у год, то прыкладна праз 20 гадоў мы дасягнем цяперашняга сярэднерасейскага заробку. Таму з пункту гледжання дзяржавы трэба неяк моладзь утрымліваць. Зараз маладым спецыялістам тут рабіць няма чаго ў эканамічным плане. Застануцца толькі патрыёты і сябры БРСМ. А астатнія проста раз'едуцца.

- Якія вашыя прагнозы адносна рынку працы Беларусі на бліжэйшую перспектыву з улікам магчымых новаўводзінаў?

- Калі ў Беларусі і далей будзе праводзіцца такая «паспяховая» эканамічная палітыка, то вось вам мой прагноз: застануцца 930 тыс. пенсіянераў ва ўзросце ад 70 гадоў і вышэй, сябры БРСМ, чыноўнікі і кіраўнікі. А калі ўвядуць абавязковую 3-гадовую адпрацоўку, то папрацуюць маладыя людзі тут гэтыя 3 гадкі, а потым купяць квіток і таксама з'едуць.

Апошнія навіны