BE RU EN

Падпалкоўнік міліцыі не дамогся праўды ў судзе

  • 3.02.2012, 16:21

3 лютага ў Менскім гарадзкім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова.

Сёння ў Менскі гарадскі суд прыйшлі сведкі, якія знаходзіліся ў той вечар разам з ім у аўтазаку і дастаўленыя ў Кастрычніцкі РАУС. Іх знайшоў сам Мікалай Казлоў. Сведак не заслухоўвалі, але іхнія пісьмовыя паказанні былі далучаныя да справы, перадае ucpb.org.

Напачатку паседжання Мікалай Казлоў прывёў факты, што тычацца ягонага затрымання. Пасля выступіў ягоны адвакат, які зачытаў вытрымкі з паказанняў сведак.

Аднак суддзя ніяк не адрэагаваў на сведчанні і вынес рашэнне - пастанову Маскоўскага суда ў дачыненні да Мікалая Казлова пакінуць без зменаў, а скаргу - без задавальнення. На пытанне Мікалая, «хіба факты не заслугоўваюць увагі», суддзя проста прамаўчаў.

Нагадаем, 19 снежня падпалкоўніка ў запасе Мікалая Казлова затрымалі людзі ў цывільным на пешаходным пераходзе каля Кастрычніцкай плошчы, а пазней у міліцэйскім рапарце напісалі, што Казлоў быў затрыманы ля Чырвонага касцёла (у той вечар ля касцёла менчукі запальвалі свечкі на знак салідарнасці з палітвязнямі, арыштаванымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года). Казлову далі 5 сутак арышту.

Затрымалі Казлова нібыта за тое, што ён лаяўся матам і парушаў грамадскі парадак. Яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, а потым судзілі.

У судзе Маскоўскага раёна былы супрацоўнік міліцыі прад'явіў доказы сваёй невінаватасці, і падавалася, што яго тут жа павінныя адпусціць. Па-першае, ён прапанаваў суду ўсталяваць і дапытаць сведак, якія знаходзіліся з ім у адным аўтазаку пасля ягонага затрымання на Кастрычніцкай плошчы. Па-другое, запытаць у аператара сотавай сувязі раздрукоўку ягоных тэлефонных злучэнняў за той перыяд часу, калі, як было паказана ў рапарце, Казлоў парушаў грамадскі парадак ля Чырвонага касцёла. Але сведак суддзя Чарняк, якая вяла гэтае пасяджэнне, шукаць не стала.

Раздрукоўку тэлефонных злучэнняў, якую ў кампаніі сотавай сувязі ўсё ж запыталі, да ведама не прынялі. Хоць па тэлефанаваннях Казлова лёгка ўсталёўвалася, што ў той час, калі супрацоўнікі міліцыі прыпісалі яму парушэнне грамадскага парадку ля Чырвонага касцёла, ён знаходзіўся ў раёне Палаца афіцэраў, то бок на Кастрычніцкай плошчы.

Апошнія навіны