BE RU EN

У Нью-Ёрку падтрымалі беларускіх палітвязняў

  • 6.02.2012, 11:11

4-га лютага ў Нью-Ёрку прадстаўнікі беларускай дыяспары ЗША правялі акцыю салідарнасці з палітвязнямі Беларусі.

Каля штаб-кватэры ААН сабралося каля сотні ўдзельнікаў, каб прадэманстраваць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Беларусы Амерыкі з партрэтамі палітвязняў пад бел-чырвона-белымі сцягамі выказаліся супраць здзекаў цяперашняй улады ў дачыненні да сваіх палітычных апанентаў.

Прадстаўнік Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Нью-Джэрсі Аляксандр Вінакураў распавёў пра падзеі апошніх гадоў, пра арышты сотняў чалавек - сямёра з якіх былі кандыдатамі ў прэзідэнты - пасля снежаньскіх выбараў-2010, пра здзекі, якія адбываюцца ў турмах і калоніях Беларусі.

Старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання «Пагоня» Віталь Зайко акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў мітынгу на недастатковасці рэзанансу беларускага пытання ў міжнародным грамадстве наогул і сярод амерыканскай заканадаўчай і выканаўчай улады ў прыватнасці. Таму ствараць умовы для такога рэзанансу - жыццёвая неабходнасць цяпер.

Актывіст «Пагоні» і «БелМува» Яўген Барысевіч зачытаў зварот да прэзідэнта і дзяржсакратара ЗША Барака Абамы і Хілары Клінтан. Пад ім падпісаліся ўсе ўдзельнікі мітынгу.

Каардынатар Беларускага Моладзевага руху Амерыкі Дзяніс Талпека адзначыў, што маральная падтрымка для людзей, якія знаходзяцца за кратамі - гэта тое, што дае ім сілы. «Беларускія палітвязні - гэта толькі вярхушка айсберга трагедыі людскіх лёсаў краіны. Кожны дзень парушаюцца правы мільёнаў нашых суайчыннікаў. Зразумець важнасць барацьбы за свае правы - гэта, напэўна, самы важны крок для беларусаў цяпер. І калі будзе рэальная дзейнасць, то будуць і пазітыўныя змены і вынікі», - сказаў Дзяніс Талпека.

Ужо традыцыйна мітынг скончыўся спяваннем беларускіх гімнаў.

Апошнія навіны