BE RU EN

Урад Румыніі сышоў у адстаўку пасля акцый апазіцыі

  • 6.02.2012, 13:22

Урад Румыніі сыходзіць у адстаўку, каб забяспечыць эканамічную стабільнасць у краіне.

Пра гэта абвясціў 6 лютага румынскі прэм'ер-міністр Эміль Бок, паведамляе Lenta.ru.

Кіраўнік урада заявіў, што прыняў гэтае «цяжкае рашэнне» не таму, што хацеў сысці ў адстаўку, а таму, што «быў вымушаны зрабіць гэта дзеля будучыні Румыніі». Бок заклікаў калегаў праявіць палітычную сталасць і як мага хутчэй вызначыцца з складам новага ўрада.

Са студзеня ў Румыніі працягваліся шматлікія акцыі супраць урада Бока і прэзідэнта краіны Траяна Бэсэску. Тысячы дэманстрантаў выступалі супраць мер жорсткай эканоміі, якія ўлады прынялі для выратавання краіны ад крызісу. У прыватнасці, Бок ініцыяваў скарачэнне заробкаў працаўнікам бюджэтнай сферы на 25 адсоткаў пры адначасовым павышэнні падатку з продажаў. Гэта дазволіла б ураду выканаць умовы, на якіх Міжнародны валютны фонд гатовы быў прадаставіць Румыніі дапамогу.

Па дадзеных апошніх апытанняў, Дэмакратычная ліберальная партыя Румыніі, якую ўзначальвае Бок, карыстаецца папулярнасцю толькі ў 20 адсоткаў насельніцтва. Пры гэтым левая кааліцыя мае рэйтынг вышэй за 50 адсоткаў. Парламенцкія выбары прызначаныя ў Румыніі на лістапад 2011 года, аднак апазіцыя можа запатрабаваць правядзення датэрміновых выбараў.

Кандыдатуру новага прэм'ер-міністра Румыніі павінен прапанаваць прэзідэнт Траян Бэсэску. Затым кандыдатура пройдзе галасаванне ў парламенце, і прэм'ер атрымае мандат на фарміраванне ўрада. Па дадзеных Agence France-Presse, мясцовыя эксперты сыходзяцца на тым, што пасаду атрымае «тэхнакрат».

Эміль Бок займаў пасаду прэм'ер-міністра Румыніі з канца 2008 года. Праз год ягоны ўрад атрымаў вотум недаверу ў парламенце, пасля чаго Бок сфарміраваў новы склад кабінета.

Апошнія навіны