Пятран: Інтэрпол знайшоў адбіткі пальцаў Канавалава на бомбе 2008 года
- 6.02.2012, 15:41
Эксперты Інтэрпола пацвердзілі, што на бомбе 2008 года былі адбіткі Канавалава, заявіў начальнік Нацыянальнага цэнтральнага бюро (НЦБ) Інтэрполу ў Беларусі Аляксандр Пятран.
Начальнік НЦБ растлумачыў, што на наступны дзень пасля тэракту 2008 года ў Менску ў Генеральны сакратарыят Інтэрпола былі накіраваныя адбіткі пальцаў рук тады яшчэ меркаванага злачынца. Гэта менавіта тыя адбіткі, што былі выяўленыя на выбухной прыладзе, якая не спрацавала. Пазней - у 2011 годзе - яны супалі з адбіткамі пальцаў Канавалава. «Аналіз праводзіўся і ў нас, і ў Інтэрполе і даў адзін і той жа вынік», - паведаміў Аляксандр Пятран БелТА.
Ён дадаў, што ў Інтэрпол былі накіраваныя не толькі адбіткі, але і генатыпаскапічная інфармацыя. Акрамя гэтага, па эпізодзе 2008 замежныя калегі аказалі вялікую дапамогу па аналізе канструкцыі выбухной прылады. Таксама пасля выбуху 2011 года Інтэрпол дапамог у першы ж дзень пасля тэракту атрымаць палепшаны фотаздымак злачынца. У генеральны сакратарыят глабальнай паліцэйскай арганізацыі былі адпраўленыя кадры з камер вонкавага назірання, што ўсталяваныя ў цэнтры Менска недалёка ад уваходу на станцыю «Кастрычніцкая».