Штраф за свечкі на Дзяды пакінулі ў сіле
- 6.02.2012, 16:34
6 лютага Арцём Мархасёў, адзін з аштрафаваных «за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах» - менавіта так было расцэненае запальванне свечак на Дзяды, атрымаў рашэнне з абласнога суда.
З атрыманай паперы вынікае, што ў канцы студзеня адбылося паседжанне Магілёўскага абласнога суда, на ім была разгледжаная скарга на рашэнне суддзі Тацяны Тарабуевай, якая 22 снежня 2011 года аштрафавала Арцёма Мархасёва на 20 базавых велічыняў, паведамляе ПЦ «Вясна».
- Справу разглядаў суддзя Сяргей Конеў, і ён пагадзіўся з рашэннем Бабруйскага суда, - распавядае Арцём Мархасёў - У прынцыпе, у паперы дублююцца фармулёўкі, якія мы пачулі ад Тацяны Тарабуевай. Я ў скарзе звяртаў увагу на тое, што не супадалі паказанні начальніка УУС Малішэўскага і маёра Малахава. Але Конеў адпісаў, што «недакладнасці ў паказаннях невялікія» і «не падвяргаюць сумневам» рашэнне бабруйскага суду. Такім чынам, мае довады і скаргі прызнаныя «неабгрунтаванымі», і я ўсё ж павінен выплаціць 700 тысяч рублёў за тое, што запаліў свечку на Дзяды.