Прэм'ер-міністр Швецыі прапанаваў пакінуць у Менску некалькі прадстаўніцтваў ЕЗ
- 2.03.2012, 18:09
Прэм'ер-міністр Швецыі Фрэдрык Рэйнфельт распавёў, што кіраўнікі краін Еўразвяза на саміце ў Бруселі 1-2 сакавіка абмеркавалі праблему, звязаную з адкліканнем амбасадараў з Менска.
«Мы гаварылі пра Беларусь і адкліканне нашых амбасадараў. Адзіная перасцярога, якую тут хтосьці зрабіў, была адносна таго, што ў Менску павінныя застацца нейкія прадстаўніцтвы, паколькі ў многіх еўрапейскіх краін ёсць у Беларусі свае грамадзяне, і яны патрабуюць пэўнай падтрымкі з боку персаналу амбасадаў. Таму выказвалася невялікая заклапочанасць тым, што мы павінныя правесці гэтае адкліканне такім чынам, каб не пакінуць некаторых нашых грамадзянаў у падвешаным стане», - сказаў прэм'ер-міністр у інтэрв'ю «Радыё Свабода».