Амбасада Польшчы накіравала Беларусі ноту пратэсту
- 24.05.2012, 11:17
Амбасада РП накіравала ноту ў сувязі з планамі ўвядзення расейскамоўных класаў у польскай школе ў Гродне.
Пра гэта паведамляе «Польскае радыё» са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Міністэрства адзначае, што яно сур'ёзна занепакоенае планамі ўвядзення ў школе нумар 36 у Гродна з польскай мовай навучання двух расейскамоўных класаў.
У ноце нагадваецца, што падпісанае з беларускімі ўладамі пагадненне дае гарантыі, што гэтая школа будзе польскамоўнай. МЗС падкрэслівае, што будаўніцтва школы цалкам фінансавалася польскім бокам.
Супраць увядзення расейскай мовы ў польскай школе пратэстуюць сябры Саюза палякаў на Беларусі і бацькоўскі камітэт дзяцей, якія навучаюцца ў школе № 36 у Гродне. Паводле МЗС, петыцыю падпісалі 260 бацькоў.
Саюз палякаў на Беларусі лічыць, што ўвядзенне расейскамоўных класаў можа быць першым крокам у бок змены мовы навучання ў гродзенскай школе. СПБ адзначае, што беларускія ўлады імкнуцца выцесніць навучанне на польскай мове.