Мінспорту: У КДБ былі падставы для арышту трэнера
- 31.05.2012, 11:34
Гаворка ідзе аб затрыманні Анатоля Бадуева, галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы.
Бадуеў таксама з'яўляецца намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Як паведамляе «Прессбол», хутчэй за ўсё, прычынай яго затрымання сталі некаторыя публікацыі гэтага выдання. Газета лічыць, што Анатолю Бадуеву прад'явяць 2 абвінавачванні - прымус да дачы хабару і нямэтавае выкарыстанне спонсарскіх сродкаў.
«Міністэрства спорту і турызму мяркуе, што кампетэнтныя органы, якія прынялі рашэнне аб затрыманні галоўнага трэнера зборнай па лёгкай атлетыцы Бадуева Анатоля Іванавіча, мелі падставы для гэтага», - цытуе заяву прэс-сакратара Мінспорту Уладзіміра Несцяровіча БелаПАН.
У сваю чаргу, падкрэсліў ён, Мінспорту і Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зробяць усё магчымае, каб забяспечыць нармальную падрыхтоўку спартоўцаў да Алімпіяды. Выконваючым абавязкі галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы прызначаны Аляксандр Трашчыла.