BE RU EN

ЗША прапануюць знізіць кошт віз

  • 31.05.2012, 14:55

ЗША прапанавалі беларускаму ўраду ўзаемна знізіць кошт віз.

Пра гэта паведаміў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс».

«Нядаўна мы пачалі абмеркаванне, прапанавалі беларускаму ўраду ўзаемна знізіць кошт віз. Мы хочам гэта зрабіць, калі беларускі бок пагодзіцца на такі крок. І гаворка тут не ідзе пра палітыку», - заявіў Скэнлан.

Амерыканскі дыпламат нагадаў, што нядаўна прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з ініцыятывай спрасціць працэдуру атрымання віз для грамадзянаў Кітая і Бразіліі. З гэтай мэтай быў значна павялічаны консульскі персанал у гэтых краінах.

«Кітай і Бразілія вітаюць гэты крок. Мы хацелі б зрабіць тое ж самае ў Беларусі, але на жаль сітуацыя тут не дазваляе гэтага», - сказаў Скэнлан. «Як паведамляецца на нашым сайце, і як я неаднаразова казаў, прыносячы выбачэнні беларускаму народу, мы апынуліся ў такой сітуацыі, гэта не наш выбар. Гэта было рашэнне беларускага ўрада, якое абмежавала колькасць дыпламатаў тут да пяці чалавек. Мы не маем тэхнічнай магчымасці, каб выдаваць вялікую колькасць віз», - адзначыў ён. Ён нагадаў, што беларусы могуць звяртацца па візы ў Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вільні, Варшаве.

«Мы вітаем абмен турыстамі, пашыраем праграмы па працы і вучобе. І мы заўсёды вітаем любыя новыя магчымасці, добрыя крэатыўныя ідэі пра тое, як павялічыць колькасць паездак», - сказаў Часовы Павераны.

Апошнія навіны