Шведскаму праваабаронцу адмовілі ў беларускай візе
- 4.05.2012, 9:31
Старшыні шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціну Угле адмовілі ва ўязной візе ў Беларусь.
Па словах праваабаронца, ён разам з сям'ёй збіраўся ў чэрвені ехаць ва Украіну на чэмпіянат Еўропы па футболе. На зваротным шляху яны планавалі вяртацца праз Беларусь. Аднак беларуская амбасада ў Стакгольме адмовіла праваабаронцу нават у транзітнай візе, паведамляе «Радыё Свабода».
«Відавочна, мяне хочуць пакараць за тое, што я часта крытыкую беларускія ўлады за парушэнні правоў чалавека. Але крыху смешна, што мне не дазваляюць разам з дзецьмі нават ездзіць праз Беларусь. З аднаго боку, вядома, шкада, што мяне не пускаюць у Беларусь, але я не збіраюся маўчаць пра стан правоў чалавека ў Беларусі з-за гэтага адмовы. Наадварот буду працягваць сваю працу яшчэ больш упарта ў падтрымку сваіх сяброў і калегаў у Беларусі», - кажа Марцін Угла.