ВНУ павысілі кошты навучання заднім чыслом
- 19.06.2012, 15:08
Беларускі ўрад дазволіў ВНУ Беларусі з 1 чэрвеня павысіць кошты навучання заднім чыслом.
Камісія па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэння пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне падтрымаць прапанову Міністэрства адукацыі аб павелічэнні з 1 чэрвеня 2012 года коштаў навучання ў дзяржаўных установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, піша onliner.by.
Як паведамілі сёння ў прэс-службе Міністэрства адукацыі, павышэнне коштаў не павіннае перавышаць 5%. Выключэнне складуць студэнты і навучэнцы выпускных курсаў.
Нагадаем, у сярэдзіне мая некаторыя ВНУ ўжо абвяшчалі аб павышэнні кошту навучання, аднак Мінадукацыі сваім лістом папрасіла іх адмяніць дадзеныя рашэнні. Тады, у прыватнасці, у БДУІР хацелі павысіць кошты на тыя ж 5%. Прыкладна такое ж падаражанне чакалася ў БДУ і іншых ВНУ.