З-за санкцый Нацбанк спыніў перамовы аб іранскім крэдыце
- 29.06.2012, 12:52
Нацыянальны банк Беларусі спыніў перамовы з Цэнтрабанкам Ірана аб крэдыце ў 400 мільёнаў даляраў з-за санкцый ЗША.
Пра гэта журналістам паведаміла старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова, перадае БелаПАН.
«Цэнтрабанк Ірана знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, таму якія-небудзь пытанні вырашаць з ім мы не маем магчымасці», - сказала яна.
Пра тое, што перамовы аб іранскім крэдыце вядуцца, Ермакова паведаміла журналістам у кастрычніку мінулага года.
Нагадаем, у маі ў ЗША ўхвалілі законапраект аб увядзенні новага пакета эканамічных санкцый у дачыненні да Ірана.
Прыняты Сенатам ЗША законапраект прадугледжвае пашырэнне санкцый, уведзеных прэзідэнтам ЗША Баракам Абамай ў студзені 2012 года. Тады замежным арганізацыям, якія супрацоўнічаюць з Цэнтрабанкам Ірана, праз які праходзяць разлікі за экспарт нафты, было забаронена ўзаемадзейнічаць з амерыканскімі фінансавымі інстытутамі.