Магілёўскія дэмакраты заклікаюць не ісці на «выбары»
- 29.06.2012, 14:25
Абласная кааліцыя дэмакратычных сіл заклікала жыхароў вобласці не галасаваць на «выбарах».
Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл 28 чэрвеня прыняла заяву, у якой выказала меркаванне, што ў Рэспубліцы Беларусь не створаны ўмовы для правядзення вольных выбараў, таму хуткія «выбары» ў «палату прадстаўнікоў» не могуць лічыцца дэмакратычнымі, празрыстымі і справядлівымі. Таксама сябры Каардынацыйнай рады заклікалі ўсіх грамадзянаў краіны і ўсіх жыхароў Магілёўскай вобласці, якія маюць права прыняць удзел у выбарах, не прымаць удзел у галасаванні і далучацца да дзейнасці дэмакратычных сіл Магілёўшчыны, паведамляе ПЦ «Вясна».
Старшыня Каардынацыйнай рады Юрый Новікаў кажа, што прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый Магілёўшчыны ўсё ж будуць вылучаць кандыдатаў у «дэпутаты палаты прадстаўнікоў»:
«Зараз дэмакратычныя арганізацыі вобласці абмяркоўваюць кандыдатуры тых людзей, якія будуць вылучацца ў якасці кандыдатаў на выбарах. Шэраг кандыдатаў будуць вылучаны палітычнымі партыямі, некаторыя будуць вылучацца праз збор подпісаў выбаршчыкаў. Агульную лічбу пакуль назваць цяжка, бо хтосьці перадумаў ісці на выбары, іншыя, наадварот, вырашылі ўзяць удзел у кампаніі толькі цяпер. Дакладна вядома адно – кандыдаты ў дэпутаты, якіх падтрымае кааліцыя, будуць агітаваць выбарцаў не прымаць удзел у галасаванні. Мы разглядаем удзел у выбарах, у першую чаргу, як удзел у інфармацыйнай кампаніі, праз якую можна данесці да выбаршчыкаў праўду пра рэальную сітуацыю ў краіне», - кажа Юрый Новікаў.
Дэмакратычныя арганізацыі Магілёўшчыны таксама збіраюцца вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад навакольных выбарчых камісій. Пакуль дакладна вядома, што партыя і Рух БНФ у Магілёўскай вобласці вылучаюць у склад гэтых камісій 10 чалавек, сваіх сяброў плануюць накіраваць і іншыя дэмакратычныя арганізацыі. Усяго ў вобласці створана 13 выбарчых акруг па выбарах «дэпутатаў».