Разгляд скаргі Вінаградава адкладзены
- 29.06.2012, 16:19
У менскім гарадскім судзе адкладзены разгляд касацыйнай скаргі Паўла Вінаградава. Суддзя запатрабаваў дадатковых матэрыялаў па справе.
Актывіст абскарджвае рашэнне суда Цэнтральнага раёна, які арыштаваў яго на 15 сутак па артыкуле 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса, паведамляе «Радыё Свабода».
«Разгляд скаргі адклалі. Суддзя Камісараў пастанавіў звярнуцца ў тэлефонную кампанію за раздрукоўкамі, якія сведчаць аб тым, дзе знаходзіўся Павел на момант арышту», - паведаміла жонка актывіста Святлана Вінаградава.
Разам са скаргай Паўла Вінаградава павінныя былі разглядаць скаргу актывіста Аляксандра Арцыбашава. «Гэтую справу адклалі, бо не з'явіліся тыя, хто павінен яго падтрымліваць», - сказала Святлана Вінаградава.
Павел Вінаградаў адбывае арышт у турме на вуліцы Акрэсціна. Яго затрымалі 21 чэрвеня дома.
Аляксандра Арцыбашава таксама арыштавалі 21 чэрвеня на 15 сутак. Актывіст павінен быў прымаць удзел у палітычным флэш-мобе.
Разгляду касацыйнай скаргі журналіста «Еўрарадыё» Паўла Свярдлова на аналагічны прысуд не адбылося. Суддзя Камісараў паведаміў, што скарга Свярдлова не патрапіла ў суд.