Бальніцу спелеалячэння ператвораць у казармы?
- 17.07.2012, 16:52
Лукашэнка запатрабаваў ушчыльніць Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння.
Шпіталь нараўне з традыцыйнымі метадамі лячэння на працягу 22 гадоў ажыццяўляе спецыялізаванае курсавое лячэнне пацыентаў з хваробамі органаў дыхання метадам спелеатэрапіі. Пацыенты праходзяць лячэнне ў спелеалякарні, размешчанай на глыбіні 420 м у масіве каменнай солі і калійзмяшчаючым пласце на базе калійнага рудніка першага рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій», піша БелТА.
Пасля рэканструкцыі лячэнне тут могуць праходзіць да 120 чалавек. У лякарні заўсёды стабільны мікраклімат, аптымальны аэразольны, газавы і іённы склад паветра, што з'яўляецца вядучым лячэбным фактарам. Акрамя падземнага аддзялення ў бальніцы ёсць наземны корпус.
Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў новы спальны корпус і спелеалякарню.
Спусціўшыся ў падземнае аддзяленне, Лукашэнка агледзеў палаты, дзе праходзяць лячэнне пацыенты як у дзённы, так і ў начны час. Тут жа размешчаны спартыўныя залы з магчымасцю займацца валейболам, тэнісам. Кіраўнік вырашыў, што колькасць месцаў для спелеалячэння можна павялічыць.
«Тут можна ўшчыльняцца. Магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, для дзяцей можна ўсталяваць двухярусныя ложкі», - сказаў Лукашэнка. «Трэба наяўныя плошчы выкарыстоўваць па максімуме. Падыдзіце да вырашэння пытання па-гаспадарску, - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. - Тут не тое што ўсё да канца не прадумана, гэтым проста ніхто не займаўся. Неадкладна трэба выправіць! Мы гэта не разгарнулі як след».