Жыхары літоўскага Бірштонаса атруціліся беларускай соллю
- 13.08.2012, 9:49
Гандлёвая сетка, якая прадала няякасную соль, чакае тлумачэнняў ад беларускага пастаўшчыка.
Жыхарка літоўскага Бірштонаса Ірэна набыла недарагую беларускую соль і выкарыстала яе для прыгатавання ежы. Соль выклікала ў жанчыны падазрэнні, бо ўсе стравы, запраўленыя ёю, набывалі саладкаваты густ.
А неўзабаве жанчына, яе муж з абмежаванай дзеяздольнасцю і сябар сям'і, які быў у гасцях, захварэлі, паведамляе ru.delfi.ltса спасылкай на тэлеканал LNK.
Падазрэнні, што з соллю нешта не так, пацвердзіліся, калі прыйшоў час папоўніць сальніцу. Ірэна ў пакеціку з соллю выявіла таблеткі незразумелага паходжання і нейкія дадатковыя прымясі. Паводле яе слоў, насыпаць гэта ў соль ніхто не мог, бо ежу гатуе і на кухні бывае толькі яна.
У краме, у якой жанчына набыла тавар, сцвярджаюць, што не ведаюць, як у соль маглі патрапіць таблеткі, скаргаў ад іншых пакупнікоў не паступала.
Прадстаўнік гандлёвай сеткі Iki Валдас Лапета сказаў, што соль гэтага вытворцы, роўна як і іншых, падвяргалася праверке, аднак нічога падобнага выяўлена не было. Гандлёвая сетка чакае тлумачэнняў ад беларускага пастаўшчыка. Кампанія, якая займаецца імпартам кажа, што ўвозіць фасаваны тавар, таму прымешкі ў соль маглі патрапіць толькі на заводзе.
Расследаванне пачалі дзяржаўныя інспектары па харчаванні. Што за таблеткі патрапілі ў пакеты з соллю, праясніцца на працягу некалькіх дзён.