Шматдзетным сем'ям прапануюць падрыхтавацца да школы за 30$
- 13.08.2012, 15:46
У Менску шматдзетным сем'ям выплацяць па 250 тыс. рублёў з бюджэту на падрыхтоўку дзяцей да школы.
Аб гэтым паведаміў сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі старшыня камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Уладзімір Шчэрба, піша onliner.by.
Для сацыяльнай падтрымкі шматдзетных сем'яў Менска да новага навучальнага года сем'ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, адначасова робяцца выплаты сацыяльнай дапамогі ў памеры 30% ад бюджэту пражытачнага мінімуму, што складае 253 161 рубель. У Менску 9378 шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваюцца 21 936 дзяцей, з іх 12 161 - навучэнцы школ.
Таксама шматдзетныя сем'і змогуць у сістэме гандлю карыстацца так званымі дысконтнымі картамі, якія робяць зніжку ў 10% на набыццё школьных тавараў.
«Як і ў мінулыя гады, для шматдзетных сем'яў будзе зніжана плата за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, а таксама на 50% зніжаны кошт абанемента ў плавальны басейн і школы мастацтваў», - паведаміў ён. Таксама ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў Беларусі двух-і трохразовым харчаваннем за кошт бюджэту будуць забяспечаны дзеці шматдзетных сем'яў і іншых катэгорый. «Прыкладна як і ў мінулым годзе, для 16 тыс. дзяцей будзе арганізавана бясплатнае харчаванне, з іх больш за 10 тыс. са шматдзетных сем'яў», - адзначыў старшыня камітэта па адукацыі.
Кажучы аб фінансавых растратах бацькоў, Уладзімір Шчэрба паведаміў, што для падрыхтоўкі вучня пачатковай школы спатрэбіцца з сямейнага бюджэту ад 970 тыс. рублёў да 2,78 млн, для падрыхтоўкі старшакласніка - ад 1,2 да 4,2 млн.