Лукашэнка: Званок мне - і прыцягвай да адказнасці хоць міністра
- 3.08.2012, 9:56
Лукашэнка даў органам пракуратуры амаль бязмежныя паўнамоцтвы.
«Вы павінны спыніць любое правапарушэнне і неадкладна звярнуць увагу любога органа ўлады на парушэнне заканадаўства і праў чалавека. Для пракурора няма сферы, у якую б ён не ўмяшаўся, калі бачыць, што там нешта не так», - заявіў ён учора на нарадзе, піша АФН.
«Але гэта не значыць, што вы павінны арганізаваць замест КДК або органаў выканаўчай улады нейкія праверкі. Хоць, можа быць, і гэта недзе трэба. Вы маеце права і можаце прыцягнуць любога спецыяліста для таго, каб ацаніць сітуацыю», - спрабаваў Лукашэнка вызначыць мяжу дазволенага.
«Вы можаце нават прыцягнуць губернатара да адказнасці, калі ён вінаваты. І не толькі губернатара, любога міністра. Званок генеральнаму пракурору - у яго прамая сувязь з прэзідэнтам. Ён атрымлівае адпаведны дазвол на пэўныя дзеянні. Сістэма выбудаваная, зразумелая. Таму спрабаваць тут неяк размежаваць паўнамоцтвы і ахаваць пракурораў ад чагосьці неўласцівага немагчыма. Але і дубляваць усіх таксама нельга», - у выніку растлумачыў ён.
Лукашэнка папракнуў пракуратуру за адсутнасць рэакцыі на факты парушэнняў, якія публікуюцца ў СМІ.
«Сродкі масавай інфармацыі крытыкуюць, а ўсе спакойна сядзяць?», - абурыўся ён.
Дыктатар таксама заклікаў органы пракуратуры не дапусціць правакацыйных сітуацый падчас «парламенцкіх выбараў».
«Мы перакананыя, што і будучая палітычная кампанія, да якой мы рухаемся, а нам спакойна жыць не дадуць, падстава гэта будзе выкарыстана для таго, каб неяк тарпедаваць нашу дзяржаву ў чарговы раз, што і гэтая кампанія пройдзе годна і пад вашым (работнікі пракуратуры - ІФ) пільным непасрэдным наглядам», - заявіў А.Лукашэнка.