Беларусь забараніла ўвоз свініны з адной вобласці Украіны
- 3.08.2012, 11:11
Прычына - паражэнне жывёлы афрыканскай чумой.
«З 3 жніўня ўводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь і транзіт па яе тэрыторыі з Запарожскай вобласці Украіны жывых свіней, мяса свініны і прадуктаў яго перапрацоўкі», - паведамілі ў дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча, піша «Інтэрфакс».
Забарона таксама датычыцца скураной, рогакапытнай і кішэчнай сыравіны, шчаціння, мяса дзікіх кабаноў, паляўнічых трафеяў, кармоў і кармавых дабавак для жывёл, былога ва ўжыванні абсталявання для ўтрымання, забою і раздзелкі свіней, удакладнілі ў дэпартаменце.
Акрамя таго, прадоўжылі там, «раней выдадзеныя дазволы на ўвоз на тэрыторыю Беларусі названых вышэй тавараў з Запарожскай вобласці Украіны анулююцца».
Раней Беларусь увяла аналагічную забарону на ўвоз з Цвярской і Валгаградскай абласцей Расеі.
Афрыканская чума свіней - захворванне, якое працякае ў вострай форме, характарызуецца хуткім цячэннем і вялікай смяротнасцю жывёл (98-100%). Сродкаў лячэння і спецыфічнай прафілактыкі дадзенай хваробы няма.
Для чалавека афрыканская чума свінняў небяспекі не ўяўляе.
Эканамічная шкода, якая наносіцца АЧС, складаецца з прамых страт па радыкальнай ліквідацыі хваробы і ўжывальных абмежаванняў у міжнародным гандлі.