Лукашэнка з Бакіевым павіншавалі Атамбаева
- 31.08.2012, 16:40
Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева з Днём незалежнасці.
Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка. Тэкст віншавання прэс-служба не цытуе.
Афіцыйныя адносіны Менска з Бішкекам знаходзяцца ў стадыі абвастрэння. Яны пагоршыліся пасля таго, як у інтэрнэт трапіў здымак Жаныбека Бакіева, брата экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, які быў сфатаграфаваны ў цэнтры Менска. Кыргызскі бок запатрабаваў ад Менска затрымання і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку па абвінавачанні ў асабліва цяжкіх злачынствах, піша БелаПАН.
Паколькі чаканай рэакцыі з беларускага боку не было, 24 жніўня Кыргызстан адклікаў свайго амбасадара з Менска. Аднак беларускі бок заявіў, што адклікаць свайго амбасадара з Бішкека не збіраецца.
28 жніўня амбасада Беларусі ў Бішкеку падвергнулася нападу, у будынку былі разбітыя вокны. Дыпмісію атакавалі сваякі ахвяр дзяржаўнага перавароту 2010 года, якія патрабуюць экстрадыцыі Курманбека і Жаныбека Бакіевых, абвінавачаных у масавых забойствах. Удзельнікі мітынгу патрабавалі спынення працы амбасады і разрыву дыпламатычных адносін з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў».
Амбасадар Беларусі ў Кыргызстане Віктар Дзенісенка сустрэўся з мітынгоўцамі і паабяцаў інфармаваць іх праз МЗС Кыргызстана аб тым, як вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі Бакіевых.
30 жніўня беларускі амбасадар правёў у Бішкеку прэс-канферэнцыю, на якой выказаў сумнеў адносна дакладнасці фатаграфій Жаныбека Бакіева. «Я таксама бачыў фота ў СМІ, але я не зусім яму давяраю, таму што тут больш палітыкі, чым доказаў», - сказаў дыпламат, падкрэсліўшы, што здымак быў зроблены прадстаўніком беларускай апазіцыі.
Улады Беларусі да гэтага часу не пацвердзілі факт знаходжання ў Беларусі Жаныбека Бакіева.
Нагадаем, раней Бішкек неаднаразова прасіў беларускія ўлады выдаць і самога Курманбека Бакіева, які прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года па асабістым запрашэнні Лукашэнкі. Аднак Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаваць Бакіева, не знайшоўшы для гэтага прававых падстаў.