BE RU EN

Гурт Recha зняў кліп пра Менск і яго жыхароў (Відэа)

  • 31.10.2013, 15:32

Менскі гурт Recha прадставіў кліп на песню «Горад».

Відэа ўжо атрымала шэраг узнагарод на фестывалях анімацыйных фільмаў, піша ultra-music.com.

Рэжысёрам і мастаком кліпа стаў лідар гурта Recha Андрэй Такінданг, а кампутарную анімацыю зрабіў Дзяніс Міжуй.

- Вулічныя музыкі абараняюць горад-герой ад нашэсця субкультурных зомбі - гэта кароткі змест відэа, на стварэнне якога нас натхніў Менск і яго жыхары, - кажа Андрэй Такінданг. - Ужо колькі гадоў на вуліцах сталіцы, асабліва каля Макдональдса, можна назіраць шэрагі стракатай моладзі. Эма змянілі R'n'B-красунь, потым прыйшлі хіпстэры. Можна набыць любую вопратку і не баяцца атрымаць за доўгія валасы па галаве. І хоць у большасці выпадкаў прыходзіцца ставіць злучок: гопнік - рокер, гопнік - рэпер, гопнік - хіпстэр і гопнік - гопнік, - аднак горад наш усё ж выдатны і кранальны, як пятнаццацігадовы падлетак у краме адзення.

Кліп быў зроблены яшчэ ў 2012 годзе, але да гэтага часу ў Інтэрнэце не прадстаўляўся, а падарожнічаў па фестывалях. У скарбонцы «Горада» шэраг узнагарод, у тым ліку на кінафестывалях у Іспаніі (Libelula animation festival), Балгарыі (Golden Kuker), Расеі (Perfect Symmetry, New Horizon) і Беларусі («Святло свету», Cinema Perpetuum Mobile).

Бліжэйшы канцэрт гурта Recha адбудзецца ў клубе «Графіці» 6 лістапада, дзе будзе яшчэ адна кінапрэм'ера - паказ кінастужкі «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне».

Апошнія навіны