Эльвіра Набіуліна стане кіраўніком Цэнтрабанка Расеі
- 9.04.2013, 17:03
Дзярждума зацвердзіла Эльвіру Набіуліну новай старшынёй Банка Расеі.
За гэтае рашэнне прагаласавалі 360 дэпутатаў, супраць - 20, устрымаўся адзін, паведамляе Lenta.ru.
Эльвіра Набіуліна зойме пасаду кіраўніка ЦБ з 24 чэрвеня, змяніўшы Сяргея Ігнацьева. Апошні кіраваў рэгулятарам на працягу трох чатырохгадовых тэрмінаў, чацвёрты заканадаўствам не прадугледжаны.
Кандыдатура Набіулінай была вылучаная прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 12 сакавіка, а на разгляд Дзярждумы ўнесеная 20 сакавіка. У пачатку сакавіка сам Пуцін даў зразумець, што вызначыўся з кандыдатурай на пасаду кіраўніка ЦБ, заявіўшы, што «яна будзе нечаканай, але вам спадабаецца».
Раней у дзелавых СМІ ў якасці магчымай замены Ігнацьеву называлі першага намесніка старшыні ЦБ Аляксея Улюкаева, намесніка старшыні ЦБ Аляксея Сіманоўскага і намесніка старшыні ЦБ Міхаіла Сухава, а таксама кіраўніка «ВТБ 24» Міхаіла Задорнава, прэзідэнта ВТБ Андрэя Косціна, былога кіраўніка ФСФР Алега В'югіна, старшыню праўлення ВЭБа Уладзіміра Дзмітрыева і дарадцу прэзідэнта Сяргея Глазьева.
Набіуліна пасля галасавання ў Дзярждуме 9 красавіка адзначыла прафесіяналізм каманды, якая сфармавалася ў ЦБ, і паабяцала, што не плануе ніякіх кадравых рэвалюцый, хоць і не выключыла пэўных зменаў. 12 сакавіка на сустрэчы з Пуціным і Ігнацьевым Набіуліна прапанавала цяперашняму старшыні Цэнтрабанка стаць яе дарадцам пасля яе прызначэння ў рэгулятар. Гэтую ідэю падтрымаў Пуцін.
Эльвіра Набіуліна атрымала спецыяльнасць «эканаміст» ў МДУ імя Ламаносава ў 1986 годзе. Да 1991 года яна з'яўлялася аспіранткай МДУ. Пасля заканчэння вучобы яна працавала ў Навукова-прамысловым саюзе СССР па пытаннях эканамічнай рэформы, дарадцам Экспертнага інстытута Расейскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП), у фондзе «Цэнтр стратэгічных распрацовак», займала пасады ў міністэрстве эканомікі Расеі.
З 2007 па 2012 год Набіуліна ўзначальвала міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю краіны, у 2008 годзе яно было пераназвана ў міністэрства эканамічнага развіцця. У 2012 годзе Набіуліна была прызначаная дарадцам прэзідэнта, а таксама ўвайшла ў Эканамічны савет пры прэзідэнце.
Фотa: edpress.ru