BE RU EN

МЗС Польшчы ўмяшалася ў справу невыязной з Беларусі полькі

  • 9.04.2013, 20:24

МЗС Польшчы заклікае беларускія ўлады гуманна развязаць сітуацыю з Тэрэзай Стшэлец.

Як заявіў журналістам у Варшаве прэс-сакратар польскага замежнапалітычнага міністэрства Марцін Басацкі, у МЗС Польшчы «занадта позна» даведаліся аб справе Тэрэзы Стшэлец, якая ўжо каля месяца не можа выехаць з Беларусі.

Ён удакладніў, што аб праблемах Стшэлец МЗС стала вядома толькі 6 сакавіка гэтага года, тады як гісторыя пачалася яшчэ ў красавіку 2012-га. «Калі б мы ведалі пра ўсё гэта раней, мы б парэкамендавалі спадарыні Стшэлец не ехаць у Беларусь яшчэ раз», - цытуе Басацкага Польскае радыё.

Са слоў прэс-сакратара, МЗС Польшчы робіць крокі дыпламатычнага характару, заклікаючы беларускія ўлады развязаць сітуацыю «гуманна». Амбасада Польшчы ў Менску накіравала ў МЗС Беларусі ноту пра лёс Стшэлец, а прадстаўнік польскага МЗС сустракаўся з паслом Беларусі ў Варшаве, каб абмеркаваць сітуацыю, паведаміў Басацкі.

Тым часам, як паведамляе Польскае радыё, муж Тэрэзы Стшэлец Яраслаў паведаміў журналістам, што ў тэлефоннай размове жонка сказала, што ў яе скончыліся лекі, якія яна прымае ў сувязі з перанесенай аперацыяй на падстраўнікавай залозе.

Як нагадвае БелаПАН, 8 красавіка Тэрэза Стшэлец абвясціла ў будынку польскага консульства ў Берасці галадоўку, такім чынам пратэстуючы супраць дзеянняў беларускіх уладаў.

20 сакавіка стала вядома, што ўжо два тыдні Стшэлец не можа выехаць з Беларусі - ад яе патрабуюць заплаціць падатак і мыту за яе ж аўтамабіль, раней канфіскаваны і прададзены на падставе пастановы беларускага суда.

Год таму Стшэлец пабывала ў Беларусі на экскурсіі і пакінула тут свой самаход, які зламаўся ў дарозе. Без дазволу гаспадыні аўтамабілем карыстаўся сын механіка, што рамантаваў аўтамабіль. Сына затрымала міліцыя, а самаход канфіскавалі і перадалі на склад мытні.

У студзені суд пастанавіў, што аўтамабіль павінен быць вернуты ўладальнікам. Але яшчэ да пачатку судовага працэсу мытнікі прадалі самаход Стшэлец. Цяпер яны заявілі аб гатоўнасці вярнуць грошы за аўтамабіль, але адначасова запатрабавалі ад грамадзянкі Польшчы заплаціць 173,3 млн. рублёў - штрафныя санкцыі за тое, што транспартны сродак не быў вывезены ва ўстаноўленым парадку і ва ўстаноўлены тэрмін з тэрыторыі Беларусі.

Стшэлец адмовілася плаціць, і беларуская старана анулявала яе візу, і не дазволіла выехаць з краіны.

Апошнія навіны