Каля сірыйскай мяжы разбіўся турэцкі знішчальнік
- 13.05.2013, 16:53
Камандаванне ўзброеных сіл Турцыі днём 13 траўня абвясціла пра страту сувязі з адным са сваіх знішчальнікаў F-16, які здзяйсняў палёт на поўдні краіны каля мяжы з Сірыяй.
Пра гэта паведамляе Lenta.ru са спасылкай на тэлеканал «Аль-Арабія».
Паводле звестак турэцкай газеты Hurriyet, непасрэдна перад знікненнем самалёта з радараў яго пілот пракрычаў дыспетчарам: «Я скачу!». У гарах Нур (правінцыя Асманіе) ужо пачалася пошукава-выратавальная аперацыя, якая абцяжараная складаным рэльефам мясцовасці: дабрацца да месца меркаванага падзення абломкаў ратавальнікі пакуль не могуць.
Турэцкія ўлады ўжо заявілі, што не выключаюць версію крушэння з-за тэхнічнай няспраўнасці, але дакладна вызначыць гэта можна будзе толькі пасля вывучэння абломкаў.
У чэрвені 2012 года на мяжы Турцыі і Сірыі быў збіты турэцкі выведвальны самалёт F-4. Абломкі ўпалі ў Міжземнае мора, абодва пілоты загінулі. Дамаск заявіў, што самалёт быў збіты ў сірыйскай паветранай прасторы, а Анкара настойвала, што гэта адбылося над нейтральнымі водамі.