В'етнамскі кранаўшчык пакінуў трэць краіны без электрычнасці
- 23.05.2013, 17:08
Памылка аператара пад'ёмнага крана ў В'етнаме пакінула велізарную колькасць жыхароў без святла на 10 гадзін.
22 з 63 правінцый былі абясточаныя дрэвам, якое звалілася на правады. Кранаўшчык не змог справіцца з кіраваннем і зачапіў дрэва, якое абрынулася на лінію электраперадачы, паведамляе Associated Press.
В'етнамская энергетычная карпарацыя EVN заявіла пра тое, што была пашкоджаная высакавольтная ЛЭП, па якой ажыццяўлялася падача электраэнергіі. Аварыю ўдалося ліквідаваць толькі праз 10 гадзін.
Дакладная колькасць людзей, якія сядзелі паўдня без святла, не вядомая. З-за памылкі кранаўшчыка былі зачыненыя многія крамы і фабрыкі, а ў многіх буйных гарадах спыніўся транспартны рух з-за непрацуючых святлафораў.
Паводле ацэнак экспертаў, энергетычная кампанія страціла з-за інцыдэнту больш 700 тысяч даляраў.