Скінуць баласт: якія дзяржпрадпрыемствы Беларусі трэба тэрмінова распрадаць
- 12.09.2016, 10:56
Натоўпу чыноўнікаў недастаткова для эфектыўнага кіравання дзяржаўнай маёмасцю.
Дзяржсектар у Беларусі складае прыкладна 70% ВУП. Ва Украіне гэты паказчык не перавышае 40%, у Расеі - 35%, у Польшчы - 25%, у Літве - 23%. Пры гэтым аддача ад дзяржуласнасці ў гэтых краінах вышэйшая, чым у Беларусі. Чаму?
Замест дзесяці нянек - адзін холдынг
- У першую чаргу Беларусі трэба будзе ўпарадкаваць структуру ўласнасці: аптымізаваць суадносіны дзяржаўнай і прыватнай. Зрабіць гэта трэба яшчэ да пачатку мадэрнізацыі кіравання дзяржпрадпрыемствамі, - мяркуе кансультантка ў кіраванні дзяржаўнай уласнасцю і прыватызацыі Галіна Яшчанка.
Досвед развітых краін паказвае, што кампаніі, якія кіруюць дзяржуласнасцю, не павінны мець разадзьмутыя структуры і штаты, піша zautra.by. Да прыкладу, у Сінгапуры партфелем у 240 мільярдаў даляраў кіруе холдынг у складзе ўсяго 500 чалавек.
Праблема Беларусі, са словаў экспэртаў, у тым тое, што працэс прыватызацыі зацягнуўся і няма прыкметных змен у структуры казённай уласнасці.
- Задача кіраўніцтва краіны - скончыць прыватызацыю і выпрацаваць структураваны падыход да кіравання пакінутымі ў дзяржуласнасці актывамі, - мяркуе Галіна Яшчанка.
Паводле прагнозаў экспэртаў, цягам дзесяці гадоў Беларусь магла б пазбавіцца ад неэфектыўнай дзяржаўнай маёмасці, прыватызаваць частку прадпрыемстваў і ў выніку скараціць дзяржаўны сектар да 25-30% ВУП.
Дзяржаве мэтазгодна пакінуць у сваёй уласнасці стратэгічныя, горадаўтваральныя і сацыяльна важныя прадпрыемствы, а таксама некаторыя манаполіі: чыгунку, пошту. Прадпрыемствы, якія здольныя вытрымаць канкурэнцыю, лепш пераўтварыць у супольныя кампаніі і прыцягваць інвестараў. Калі ж прадпрыемствы неэфектыўныя, іх варта ліквідаваць і прадаваць за базавы кошт.
- У Беларусі ўжо быў створаны пералік з больш чым 370 стратных прадпрыемстваў, якія мелі намер распрадаць, - кажа палітолаг-юрыстка Кацярына Бурак.
Але распродаж не адбыўся. Прапанову не падтрымалі Камітэт дзяржкантролю і Лукашэнка, бо прадпрыемствы падбіраліся па прапановах дзяржорганаў і без правядзення незалежнага аўдыту функцый, фінансавай і мэнэджарскай дзейнасці.
Як пачаць зарабляць на дзяржуласнасці
Сёння айчынныя дзяржпрадпрыемствы знаходзяцца ў падпарадкаванні міністэрстваў, адказных за канкрэтныя сектары эканомікі.
- У гэтым выпадку дзяржава вызначае мэты, заказчыка паслуг і кантрольныя органы. Гэта стварае вялікую колькасць праблем, у тым ліку адсутнасць канкурэнцыі паміж самімі дзяржпрадпрыемствамі, - тлумачыць Кацярына Бурак.
Акрамя таго, пры цяперашняй мадэлі прадпрыемствы вымушаныя выконваць палітычныя задачы. Напрыклад, штучна падтрымліваць высокі ўзровень занятасці.
Для кіравання пакінутай дзяржмаёмасцю, паводле рэкамендацый экспэртаў, трэба будзе стварыць адзіны кіроўны орган: холдынгавую або інвестыцыйную кампанію, якая займалася б мэнэджмэнтам дзяржаўных прадпрыемстваў.
- Кіраваць такім органам або холдынгам можа да тысячы чалавек. Але чым іх менш, тым лепш. У Вугоршчыне ў склад дырэктараў холдынгавай кампаніі ўваходзіць сем чалавек. Яны прымаюць стратэгічныя пастановы, даюць справаздачу міністру эканамічнага развіцця, якое ў сваю чаргу дае справаздачу перад парламентам, - адзначае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.