Біткоін пабіў два рэкорды за два дні: што далей?
- 29.11.2017, 21:30
Кошт біткоіна перавысіў $11 000.
Біткоін працягвае здзіўляць. Не паспелі ўсё абмеркаваць новы рэкорд кошту, 10 тысяч даляраў, як у сераду курс прабіў адзнаку ў 11 тысяч даляраў, паведамляе ВВС.
З пачатку лістапада самая вядомая ў свеце крыптавалюта падаражэла больш чым на 4,5 тысяч даляраў. Што думаюць пра перспектывы біткоіна нобелеўскі лаўрэат, інвестары, чыноўнікі, эканамісты і банкіры?
Курс біткоіна за тыдзень пабіў адразу два рэкорды. 28 лістапада біткоін пачаў гандлявацца па кошце вышэй за 10 тысяч даляраў. Гэта псіхалагічна важная адзнака - упершыню ў гісторыі гэтай крыптавалюты яе кошт склаў пяцізнакавую суму. Але ўжо на наступны дзень гэты рэкорд быў пабіты і сёння з раніцы біткоін стаў каштаваць ужо больш за 11 тысяч даляраў. Паводле стану на 18:20 па Менску ён каштаваў 11 418 даляраў, сведчаць звесткі Сoinmarketcap. Капіталізацыя склала амаль 191 млрд даляраў.
Шмат гэта ці мала? Гэта прыкладна роўна вайсковым расходам Расеі, Саудаўскай Арабіі і Індыі за 2016 год, паводле звестак SIPRI. Або прыкладна 40% сукупнага багацця 200 расейскіх найбагацейшых бізнэсоўцаў, паводле рэйтынгу Forbes. І прыкладна на 23 млрд даляраў больш за багацці Біла Гейтса і Уорэна Бафета, якія займаюць першы і другі радок сусветнага рэйтынгу Forbes.
З чым звязаны такі рост біткоіна? Аналітыкі звязваюць гэта з планамі чыкагскай біржы CME Group запусціць ф'ючэрсы на біткоін да канца года. Чакаецца, што яны з'явяцца на другім тыдні снежня. Аб планах кампанія заявіла ў канцы кастрычніка.
Чакаецца, што пасля з'яўлення такіх ф'ючэрсаў на рынак крыптавалют прыйдуць грошы сур'ёзнага бізнэсу. Стварэнне ф'ючэрса на біткоін - ключавы крок у адкрыцці доступу да гэтага актыву для інстытуцыйных інвестараў, заявіў Bloomberg Спенсер Богарт з Blockchain Capital. Да такіх належаць, да прыкладу, інвестфонды і банкі. Цяпер аб'ём грошай ад такіх кампаній, укладзеных у біткоін, вельмі малы, таму што ў іх мала магчымасцяў для інвестыцый у крыптавалюту, тлумачыў Богарт.
А 11 лістапада швейцарскі прыватны банк Vontobel абвясціў аб запуску гандлю міні-ф'ючэрсамі на Швейцарскай фондавай біржы. Праўда, гэты інструмент дазволіць зарабляць на зніжэнні цаны біткоіна.
Прафесар Ельскага ўніверсітэта Роберт Шылер, які атрымаў у 2013 годзе Нобелеўскую прэмію па эканоміцы, мяркуе, што біткоіны, кошты на якія растуць, з'яўляюцца бурбалкай.
Шылер падчас сустрэчы са студэнтамі Расейскай эканамічнай школы ў гэтую сераду патлумачыў папулярнасць крыптавалюты асаблівасцямі псіхалогіі людзей. Шылер прыехаў у Маскву на запрашэнне Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Масквы. «Я заўважыў, што калі я гавару з людзьмі пра біткоіны, яны ажыўляюцца. Я бачу, як у іх загараюцца вочы. Людзі любяць біткоіны», - тлумачыць ён.
Пры гэтым Шылер мяркуе, што большасць людзей, якія цікавяцца тэмай крыптавалюты, да канца не разумее, як тэхналогіі, якія ляжаць у яе аснове, працуюць.
Адна з прычын, якія прымушаюць людзей ўкладвацца ў біткоіны, - гэта страх таго, што па меры развіцця эканомікі і тэхналогій людзей заменяць робаты і штучны інтэлект.
«Гэта ўніверсальна. Усе пра гэта чулі і ўсе хвалююцца», - сказаў Шылер. Гэтыя страхі распаўсюджаны сярод маладых людзей, якія асабліва цікавяцца біткоінамі.
Ёсць і эмацыйны бок гэтай папулярнасці, працягвае Шылер. Біткоіны, паводле яго слоў, гэта нешта, што гучыць «класна».
Расейская служба BBC сабрала думкі экспэртаў аб цане біткоіна і высветліла іх стаўленне да крыптавалют.
Майк Новограц, мільярдэр і заснавальнік хедж-фонду Galaxy Investment Partner, цытата па Bloomberg:
«Бурбалка і шмат пены. Гэта будзе самая вялікая бурбалка нашага часу».
Майк Навограц у інтэрв'ю CNBC:
«Біткоін можа дасягнуць 40 тысяч даляраў у канцы 2018 года. Гэта цалкам магчыма... Ідзе вялікая хваля грошай [на рынак крыптавалют]. Не толькі тут, але і ва ўсім свеце».
Роберт Шылер, прафесар Ельскага ўніверсітэта, Нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы, у інтэрв'ю CNBC:
«Я не так негатыўна стаўлюся [да крыптавалют], як гэта можа здацца. Але я думаю, што тое, што цяпер «рухае» біткоін, як і ў выпадку з іншымі бурбалкамі, - гэта гісторыя. Што за гісторыя? Сатосі Накамота (уважаецца, што менавіта ён стварыў біткоін - заўв.) напісаў выдатны артыкул (у ім ён апісаў дэцэнтралізаваную сістэму электронных грошай - заўв.) і знік. Дзе цяпер гэты хлопец? у нас ёсць новая форма грошай... Гэта гучыць вельмі рэвалюцыйна і патрабуе вельмі пісьменнага выкарыстання крыптаграфіі... Вось гэтая гісторыя і натхніла маладых людзей і актыўных людзей і гэта рухае рынкам. Але гэта не фундаментальныя фактары... Я зусім не маю на ўвазе, што мы ўбачым, як біткоін лопне заўтра і знікне назаўсёды. Мы ўжо бачылі гэта ў 2013 годзе. І гэта (падзенне кошту) можа здарыцца зноў. І затым зноў узляцець».
Ілона Маск, мільярдэр, заснавальнік і кіраўнік Tesla, у «Твітэры»:
«Гэта няпраўда (пра чуткі, што менавіта ён з'яўляецца стваральнікам біткоіна). Пару гадоў таму сябра даслаў мне частку біткоіна, але я не ведаю, дзе яна».