Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова звярнулася ў ААН
- 1.12.2017, 12:43
Свет павінен ведаць праўду аб парушэнні права на свабоду слова ў Беларусі.
1 снежня намесніца старшыні гомельскага аддзялення ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", журналістка-фрылансерка Ларыса Шчыракова падала скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН аб парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, права на мірныя сходы. Пра гэта "Гомельскай Вясне" паведаміў юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які будзе весці справу журналісткі ў міжнароднай інстанцыі.
Нагадаем, 17 сакавіка гэтага года старшыня суда Гомельскага раёна Раіса Кавалевіч прысудзіла Шчыраковай штраф толькі за тое, што яна вяла відэатрансляцыю з акцыі «недармаедаў» у Рагачове (афіцыйная версія - удзельнічала ў несанкцыянаваных шэсці і мітынгу). 12 красавіка суддзя таго ж суда Тамара Застаўнецкая выпісала Ларысе вялікі штраф (40 базавых адзінак або 920 рублёў) за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат", дзе быў паказаны зняты ёю ў паселішчы Бярозкі рэпартаж пра праблемы сельскіх жыхароў, а таксама за трансляцыю пратэсту недармаедаў, які прайшоў 25 сакавіка ў Гомелі.
13 красавіка суддзя суда Рэчыцкага раёна Святлана Пырх пакарала журналістку вялікім штрафам (30 базавых адзінак або 690 руб.) за рэпартаж з Рэчыцы «Дом на курыных ножках». 19 траўня суддзя Гомельскага раёна Андрэй Сусла выпісаў журналістцы яшчэ адзін вялікі штраф (35 базавых адзінак або 805 руб.) за трансляцыю пратэсту недармаедаў, які прайшоў 1 траўня ў Гомелі. 9 жніўня гэты ж суддзя разгледзеў яшчэ адзін пратакол у дачыненні да Шчыраковай, гэтым разам за трансляцыю акцыі пратэсту жыхароў Чкалаўскага праезду ў Гомелі, якія пратэставалі супраць руйнавання іх дамоў. Вердыкт суда - (35 базавых адзінак або 805 рублёў).
19 кастрычніка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шэршнеў пакараў Ларысу Шчыракову чарговым штрафам, гэтым разам за тое, што раней журналістка прыйшла ў суд з сімвалічнай пятлёй на шыі. Паводле версіі суда, яна правяла каля будынку суда несанкцыянаваны пікет.
"У Беларусі я прайшла ўсе ступені эфектыўнай судовай абароны і ўсё безвынікова, - адзначыла Шчыракова. Атрымліваецца, паводле "белсатаўскіх справам "абароны ў краіне няма, таму я выкарыстала адзіна магчымы механізм абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні".
Усяго гадавая сума штрафаў ў журналісткі за рэалізацыю сваіх правоў і свабод склала амаль дзве тысячы далараў ЗША (3956 руб.).
Юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які дапамагае ахвярам парушэнняў абараняць правы ў Камітэце правоў чалавека ААН, адзначае, што справа журналісткі выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дамовам Беларусі.
"Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі, свабоду сходаў і выказванне меркаванняў. А нашае нацыянальнае заканадаўства празмерна абмяжоўвае саму сутнасць гэтых правоў. Суды пры разглядзе такой катэгорыі спраў прымаюць пастановы выключна зыходзячы з нацыянальнага заканадаўства, ігнаруючы пры гэтым нормы міжнародных дамоў нашай краіны. - Я ўпэўнены, у гэтай справе будуць выяўленыя названыя парушэнні правоў журналіста"- адзначыў ён.