BE RU EN

Як жонкі вайскоўцаў трапляюць у «пенсійную пастку»

  • 2.12.2017, 20:30

Берасцейка 15 гадоў маталася па гарнізонах з мужам-вайскоўцам, і засталася без пенсіі.

Пенсійны ўзрост у берасцейкі Тамары Іванаўны (назавём яе так - заўвага аўтара) наступіў больш за два гады таму. У прызначэнні працоўнай пенсіі ёй было адмоўлена праз адсутнасць у яе мінімальнага страхавога стажу. Пасля звароту для прызначэння пенсіі з прычыны узросту на агульных падставах жанчына атрымала пратакол аб адмове. Паводле прадстаўленых ёю дакументах страхавога стажу ў яе набралася крыху больш за 12 гадоў і 9 месяцаў. У пратаколе, які яна называе прысудам, было сказана: па дасягненні 60 гадоў яна мае права на сацыяльную пенсію. А яшчэ, што пры наяўнасці страхавога стажу не менш за 15 гадоў яна зможа зноў звярнуцца для прызначэннем пенсіі з прычыну ўзросту, піша «Брестская газета».

«Я ўвесь гэты час спакойна дапрацоўвала, на працы так і сказала, што вось тэрмін. Якога не дастае дапрацую - і ўсё, пайду, - патлумачыла Тамара Іванаўна. - Але ў мяне не так даўно змяніўся адрас, і я пайшла ў аддзел сацабароны, каб там запісалі новы. Я пры гэтым абмовілася, што дапрацоўваю страхавы стаж да 15 гадоў, паказала пратакол, дзе пра гэта напісана. А мне адказалі, што мяне гэта не тычыцца. Пытаюся, чаму не тычыцца, тут жа чорным па белым напісана пра 15 гадоў. Мне ніхто нічога не патлумачыў».

Жанчына распавяла, што ў часы Савецкага Саюза ейны муж служыў на мяжы, быў верталётчыкам. А яна кожным разам з ім ехала да ягонага новага месца службы, дзе часцяком працы для жонак проста не было, да прыкладу, у Грузіі, Таджыкістане, Якуціі. Дзеці ў той час яшчэ былі маленькімі, але ж і адпачынак для догляду дзіцяці ў страхавы стаж цяпер не залічваюць.

«Падчас службы мужа кожны год на 3 месяцы, а то і на паўгода яго адпраўлялі ў Афганістан, потым у Чачэнію, калі там ішлі баявыя дзеянні, - працягнула наша суразмоўніца. - Як мне з дзецьмі было чакаць яго адтуль?! У той час дзяржава намі карысталася на сваё меркаванне. З 1997 года муж у рангу падпалкоўніка сышоў у запас, а годам раней мы з ім разышліся. У выніку я, паматаўшыся з ім па гарнізонах, засталася без працоўнай пенсіі».

Каардынатар прававых праграм Беларускага Хельсінскага камітэта Зміцер Чарных мяркуе, што ўказ №233, якім паменшаны мінімальны страхавы стаж для вайскоўцаў і тых, хто займаўся сацыяльна значнай працай, «не ўхіліў праблему рэтраспектыўнасці, не прадбачыў пераходны перыяд для тых людзей, якія трапілі ў пастку страхавога стажу». На ягоную думку, пытанні пенсійнага забеспячэння неабходна рэгуляваць не ўказамі прэзідэнта, а праводзіць як змены ў законе праз парламент. Гэта забяспечыла б магчымасць публічнай дыскусіі.

«Дагнаць» не атрымаецца!

У аддзеле сацыяльнай абароны адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця растлумачылі, што ў адпаведнасці з законам аб пенсійным забеспячэнні і ўказамі прэзідэнта сёння для прызначэння пенсіі патрабуецца 16 гадоў страхавога стажу.

«З 6 снежня 2000 года да 18 лютага 2004 года заяўніца была зарэгістраваная індывідуальным прадпрымальнікам, - пракаментавала сітуацыю начальнік аддзела Ліна Бацанова. - Выплата страхавых унёскаў ёю была праведзена толькі са жніўня 2002 года да 31 снежня 2002 года. У сувязі з тым, што не ў поўным аб'ёме праводзіліся адлічэнні страхавых унёскаў 2003 год залічаны на папраўчы каэфіцыент у колькасці 2 месяцаў і 6 дзён. А 2004 год не ўвайшоў у страхавы стаж зусім, бо цягам усяго года выплата ўнёскаў не праводзілася. Калі б ёю своечасова былі выплачаныя страхавыя ўнёскі за ўвесь вышэйзгаданы перыяд, то жанчына мела б права на пенсію ў 2015 годзе».

Паводле ейных слоў, з моманту адмовы ў прызначэнні пенсіі заяўніца адпрацавала 2 гады і 1 месяц. Ейны страхавы стаж на сённяшні дзень складае 14 гадоў і 10 месяцаў, для прызначэння пенсіі з прычыны ўзросту ў 2017 годзе гэтага недастаткова. Па дасягненні 60-гадовага ўзросту яна атрымае права на сацыяльную пенсію.

Апошнія навіны