BE RU EN

Вадзім Іёсуб: Дваццаць гадоў грошы аддаюць тым, хто не ўмее іх зарабляць

  • 21.12.2017, 10:21

Ці змогуць стратныя прадпрыемствы самастойна разлічыцца з крэдыторамі?

Недапушчальна стала перакладаць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт, заявіў Лукашэнка на нарадзе аб прапанаваных новых інструментах рэструктурызацыі пазыковых абавязацельстваў у эканоміцы, піша zautra.by.

Толькі ў 2015 і 2016 гадах быў прыняты дзясятак пастаноў наконт шэрагу прадпрыемстваў і галін на агульную суму 1,8 мільярда даляраў. Былі рэструктурызаваная іх запазычанасці, падаваліся адтэрміноўкі, растэрміноўкі выплаты запазычанасці ў крэдытах, выдаваліся бюджэтныя пазыкі, але сітуацыю гэта не палепшыла. Чаму?

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іёсуб мяркуе, што сёння нельга знізіць крэдыторскую запазычанасць прадпрыемстваў без дапамогі бюджэту.

- Гаворка ідзе пра неэфектыўныя, устойліва стратныя прадпрыемствы, якія ў прынцыпе не здольныя зарабляць грошы, пра прадпрыемствы, ужо абцяжараныя крэдытамі, - падкрэслівае экспэрт. - Гэтыя прадпрыемствы не могуць зарабіць дастаткова грошай для абслугоўвання раней узятых крэдытаў.

Характэрны прыклад: у сярэдзіне гэтага года з нагоды прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі профільнае міністэрства з вялікім гонарам давала справаздачу, што яны ўжо выйшлі на прыбытак, калі не ўлічваць неабходнасць абслугоўвання крэдытаў.

- Можа, нейкі мінімальны прыбытак ёсць, але ён не дазваляе выплачваць набраныя крэдыты, і вельмі часта гаворка ідзе аб так званых прадпрыемствах-зомбі, прадукцыя якіх нікому не патрэбная. Яны ўжо саступілі ў міжнароднай канкурэнцыі, міжнародным падзеле працы, і шанцаў на тое, што яны самастойна пачнуць выплачваць запазычанасці, няма, - кажа эканаміст.

Улады, са слоў экспэрта, прадаўжаюць няньчыцца з такімі прадпрыемствамі, бо гэта вялікае сацыяльнае і палітычнае пытанне.

- У іншых краінах у такіх сітуацыях працуе механізм банкруцтва, калі прадпрыемства не здольнае зарабляць грошы, яно закрываецца. Людзі знаходзяць іншую працу, пераабучаюцца, нейкі час атрымліваюць дапамогу. У нас гэтай сістэмы няма, - канстатуе Вадзім Іёсуб. - Праз адсутнасць сістэмы падтрымкі беспрацоўных закладнікам створанай сітуацыі і ўзніклі прадпрыемствы-зомбі, якія немагчыма закрыць, бо працаўнікі ў літаральным сэнсе апынуцца на вуліцы і «будуць паміраць ад голаду».

Для прадаўжэння палітыкі падтрымкі стратных прадпрыемстваў ёсць звычайны спосаб - пераразмяркоўваць грошы ад тых, хто іх умее зарабляць, і аддаваць іх тым, хто гэтага рабіць не ўмее, дадае фінансавы аналітык.

- Гэтым дзяржава займаецца два дзясяцігоддзі, з якіх апошнія дзесяць гадоў гучаць словы пра тое, што мы нікому грошы дарыць не будзем, а даваць будзем толькі эфектыўным прадпрыемствам, якія могуць вяртаць пазыкі. Але гэта толькі рыторыка, і практычна кожны год знаходзяцца тыя ці іншыя спосабы датаваць гэтыя неэфектыўныя прадпрыемствы, - падкрэслівае аналітык.

Ці разумеюць на вышэйшым узроўні бесперспектыўнасць такога шляху?

- На ўзроўні размоў разумеюць, але на ўзроўні дзеянняў - нічога не робіцца. Няма стратэгіі, як змяніць сітуацыю. Характэрна, што пра гэта як пра галоўную праблему беларускай эканомікі як мінімум апошнія тры гады стала казалі МВФ, Сусветны банк, якія ўвесь час падкрэслівалі, што трэба заняцца рэструктурызацыяй неэфектыўнай часткі дзяржсектара адначасова са стварэннем сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі. Але на самым высокім узроўні настолькі не хочуць гэтым займацца, што дэ-факта нават адмовіліся ад супрацоўніцтва з МВФ, ад атрымання доўгіх танных грошай, - рэзюмуе Вадзім Іёсуб.

Апошнія навіны