«Важней за незалежнасць»: Як Каталонія атрымала другі рэферэндум
- 21.12.2017, 10:40
Палітычныя аглядальнікі называюць парламенцкія выбары другім рэферэндумам.
У Каталоніі на 21 снежня прызначаныя пазачарговыя парламенцкія выбары, праз адстаўку ўрада экс-прэм'ера Каталоніі Карлеса Пучдэмона, які арганізаваў незаконны, з пункту гледжання цэнтральных уладаў, рэферэндум аб незалежнасці рэгіёна. Палітычныя аглядальнікі называюць выбары другім рэферэндумам: калі сепаратысты атрымаюць перамогу, Мадрыду давядзецца пайсці на саступкі. Пакуль некаторыя з лідараў перадвыбарных спісаў знаходзяцца ў эміграцыі або турме, выбаршчыкі дэманструюць небывалую актыўнасць. Аб тым, што чакаюць каталонцы ад галасавання, даведаўся спецыяльны карэспандэнт RFI ў Барселоне Сяргей Дзмітрыеў.
«За свой век я бачыла дзве рэспублікі. Таму што мне шмат гадоў, хоць па мне і не скажаш, — каталонка Франсеска Бадзія Сементэ рыхтуецца 1 студзеня адсвяткаваць свае 96 гадоў. Родам з маленькай вёскі Борхас Бланкас у правінцыі Льейда, дзе «вырабляюць найлепшы аліўкавы алей», Франсеска праз свій сталы век жыве з дачкой у Барселоне. Нягледзячы на ўзрост, яна была рашуча настроеная ўзяць удзел у выбарах, аднак муніцыпальныя ўлады жанчыну пашкадавалі і дазволілі прагаласаваць датэрмінова і па інтэрнэту. «Мая дачка пайшла і спытала ў работнікаў адміністрацыі, што рабіць, ці трэба ехаць, бо ёй трэба мяне везці туды самой, мне 95 гадоў, — распавядае Франсеска. — Яны паглядзелі мае дакументы і сказалі ёй: «Вам не абавязкова яе везці сюды асабіста. Бо ёй так шмат гадоў, і яна столькі жыла і столькі бачыла, мы ёй дазволім прагаласаваць онлайн. Яе дакументы дазваляюць такую працэдуру». Так што я ўжо прагаласавала! Я першая жанчына, якая прагаласавала! Выбараў яшчэ не было, — а я ўжо прагаласавала!»
Такіх актыўных выбаршчыкаў, як Франсеска, у Каталоніі ў гэты раз большасць. Паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, прыход на выбарах можа дасягнуць 80% і пабіць усе рэкорды. Рэферэндум аб незалежнасці 1 кастрычніка і падзеі ўслед за ім не пакінулі абыякавымі практычна нікога. Адны абураныя дзеяннямі сепаратыстаў, што стварылі палітычны крызіс, які спужаў бізнэс і турыстаў. Іншыя незадаволеныя пазіцыяй Мадрыда і суворымі захадамі ў дачыненні да лідараў сепаратыстаў. Мяркуючы паводле ацэнак сацыёлагаў, і першае, і другое ў Каталоніі прыкладна пароўну.
Усяго на 135 месцаў у заканадаўчым сходзе рэгіёну прэтэндуюць сем партый. З іх тры выступаюць за незалежнасць: JuntsxCat («Разам за Каталонію», пад кіраўніцтвам Карлеса Пучдэмона), ERC-CatSí («Левыя рэспубліканцы Каталоніі» Арыала Жункераса), CUP (вельмі левае «Народнае адзінства» Ганны Габрыэль). Адзінства з Гішпаніяй падтрымліваюць таксама тры партыі: Ciudadanos (ліберальныя, праеўрапейскія «Грамадзяне» з лідарам Інэс Арымандэс), PSC (Сацыялістычная партыя Каталоніі — рэгіянальнае падраздзяленне гішпанскіх сацыялістаў), і PP (кансерватыўная «Народная партыя» — аддзяленне гішпанскай «Народнай партыі», у якую ўваходзіць прэм'ер краіны Марыяна Рахой). Яшчэ адна партыя, дакладней кааліцыя CatComu, «Каталонія разам», пад кіраўніцтвам мэра Барселоны Ады Калаў, афіцыйна не далучылася ні да аднаго з лагераў.
У Гішпаніі публікацыя перадвыбарных апытанняў забараняецца за тыдзень да галасавання. Аднак ніхто не забараняе публікаваць лічбы ў суседняй Андоры —менавіта таму мясцовыя СМІ друкуюць «меню ў андорскіх рэстарацыях» і іншасказальныя пераказы. Апошнія апытанні паказваюць, што галасы паміж прыхільнікамі адзінства і прыхільнікам незалежнасці падзеляцца амаль пароўну — 62 галасы супраць 63 на карысць сепаратыстаў. Але гэта страты для лагера Пучдэмона — амаль на дзесяць месцаў менш. Калі аб'яднанне CatComu не схіліцца ні ў адзін бок, значыць, ні тыя, ні іншыя не набяруць большасці галасоў — і не змогуць сфармаваць урад, які ў Каталоніі называецца Жэнералітат.
Фаварытамі галасавання сярод сепаратысцкіх партый уважаюцца «Левыя рэспубліканцы Каталоніі» былога віцэ-прэм'ера Арыола Жункераса, які сядзіць у турме, і рух «Разам за Каталонію» экс-кіраўніка ўрада Карлеса Пучдэмона, які ўцёк ад арышту ў Бельгію. Большасць каталонцаў уважаюць неапраўдана жорсткімі судовыя выракі ў дачыненні да арганізатараў рэферэндуму. Пра гэта кажуць нават прадстаўнікі процілеглага палітычнага лагера. «Што тычыцца людзей, якія цяпер знаходзяцца ў турме, мы паважаем пастанову суда — у Гішпаніі існуе падзел уладаў, тым не менш, мы мяркуем, што папярэдняе, дасудовае ўтрыманне ў турме без права выхаду пад заклад — гэта празмерны захад. У гэтым зусім няма неабходнасці», — заявіла ў інтэрв'ю RFI кандыдатка ад Сацпартыі Марыя Ібара Ое.
Пры гэтым абодва палітыкі паспяваюць удзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі. Лідар левых рэспубліканцаў Арыол Жункерас дае тэлефонныя інтэрв'ю з турмы «Эстэрмера», у якіх заяўляе пра гатоўнасць узначаліць, у выпадку перамогі, новы ўрад. А Карлес Пучдэмон, які знаходзіцца ў Бельгіі, праводзіць мітынгі ў Брусэлі і выступае перад прыхільнікамі ў Каталоніі па відэасувязі, абяцаючы вярнуцца ў Гішпанію. Толькі пасля перамогі.
У той час як сепаратысцкія партыі робяць стаўку на спачуванне выбаршчыкаў да пацярпелых за ідэі палітыкаў. Іх апаненты ўказваюць на шкоду, прычыненую рэферэндумам каталонскай эканоміцы. «Эканамічныя страты праз каталонскі «працэс» сапраўды надта вялікія, — тлумачыць кандыдат ад сацыялістаў Марыя Ібара Ое. — Тры тысячы кампаній вывелі свае цэнтральныя офісы за тэрыторыю Каталоніі, што азначае, што цяпер яны плацяць падаткі не тут, а ў іншых рэгіёнах Гішпаніі. 300 тысяч чалавек знялі свае невялікія асабістыя зберажэнні з банкаўскіх рахункаў каталонскіх банкаў і вывелі іх на рахункі банкаў за межамі Каталоніі. У Каталоніі знізіўся ўзровень спажывання, і колькасць турыстаў, якія прыязджаюць у рэгіён, таксама ўпала. Узровень беспрацоўя ў Каталоніі вырас мацней, чым у іншых рэгіёнах Гішпаніі».
Менавіта непаслядоўнасць і непрадуманасць дзеянняў адхіленага Мадрыдам урада расчаравала многіх тых, хто спачувае ідэям каталонскай незалежнасці. 25-гадовы выпускнік гістарычнага факультэта Хесус на мінулых выбарах галасаваў за прыхільнікаў незалежнасці, аднак, гэтым разам гатовы падтрымаць іх канкурэнтаў: «Я заўсёды ўдзельнічаў у выбарах і заўтра таксама пайду галасаваць, але яшчэ не наважыў, за якую партыю. На мінулых выбарах я галасаваў за «Левых рэспубліканцаў Каталоніі», але цяпер сумняваюся, бо мне не спадабалася, як яны павялі сябе пасля рэферэндуму. Я думаю, што ёсць рэчы, якія павінны быць важнейшымі за незалежнасць, як, напрыклад, сацыяльнае забеспячэнне, грамадзянскія правы. Але ўсё гэта прынеслі ў ахвяру незалежнасці».
Сярод праціўнікаў незалежнасці больш за ўсіх шанцаў маюць праваліберальныя «Грамадзяне». Іх лідарку — 40-гадовую Інэс Арымадас — называюць адной з фаварытак на пасаду кіраўніцы Жэнералітату. Крыху меншай папулярнасцю ў сацапытаннях карыстаецца каталонскае аддзяленне гішпанскай Сацпартыі. Цягам усяго каталонскага крызісу гішпансія сацыялісты займалі супярэчлівую пазіцыю: не падтрымліваючы сепаратыстаў, яны крытыкавалі і правы ўрад Марыяна Рахоя. «Мы заўсёды былі тэрыторыяй, краінай са сваімі асаблівасцямі. У нас ёсць свая мова. У нас ёсць свая культура, асаблівасці сваёй ідэнтычнасці. У нас ёсць грамадскія і палітычныя інстытуты са сваёй шматвяковай гісторыяй. І таму розніца паміж каталонцамі і гішпанцамі вельмі выразна акрэсленая. Але гэта не значыць, што нам трэба адлучацца, — абараняе партыйную лінію сацыялістка Марыя Ібара Ое. — Мы верым, што мы можам прадаўжаць быць часткай Гішпаніі, захоўваючы свае асаблівасці. Але для гэтага Гішпанія павінна змяніцца — Каталонія можа быць часткай іншай Гішпаніі, Гішпаніі, якая яе прызнае і паважае».