У Гародні нерухомага інваліда аштрафавалі за безбілетны праезд
- 21.12.2017, 10:48
Штраф у гарадзенца спісалі з пенсійнага рахунку.
У Гародні за безбілетны праезд у грамадскім транспарце аштрафавалі ляжачага інваліда, які ўжо два гады прыкаваны да ложка. Прадугледжаную заканадаўствам суму ў мужчыны спісалі з пенсійнага рахунку, піша s13.ru.
Менавіта тады гэтая гісторыя і атрымала сваё развіццё. Высветлілася, што невядомы безбілетнік выдаў сябе за пацярпелага, і менавіта паводле гэтых звестак, паведамленых кантралёрам, інвалід і заплаціў штраф за парушэнне, якое нават фізічна не мог здзейсніць.
Анатоль Малікаў больш за два гады прыкаваны да ложка пасля перанесенага інсульту. На лекі і так сыходзіць нямала сродкаў, а штраф за безбілетны праезд і зусім стаў шокам.
Жонка пацярпелага пры зверцы звестак аб пенсіі знайшла разыходжанні і патэлефанавала ў пенсійны фонд, каб атрымаць тлумачэнні. Загадчыца фондам патлумачыла, што сродкі з рахунку былі спісаныя ў кошт выплаты штрафу. Далей па ланцужку адбылася гутарка з бухгалтарам і юрыстам арганізацыі. Апошні і пацвердзіў, што ўсё зроблена паводле правіл - быў аформлены пратакол на звесткі пенсіянера.
Ірына Малікава так і не зразумела, адкуль у кантралёраў маглі з'явіцца звесткі мужа. Ёй параілі звярнуцца ў суд.
Але высветліць прычыны пенсіянерка ўсё ж наважыла і спачатку падзялілася праблемай з участковым інспектарам, які пацвердзіў магчымасць узнікнення такой сітуацыі. Маўляў, у кантралёраў ёсць свая служба высвятлення звестак «зайцоў». Самае цікавае, што штраф выпісалі на пенсіянера, але зусім на іншы адрас - ні паказаны ў прапісцы, ні на той, дзе ён рэальна пражывае. Да таго ж пенсіянеры так і не атрымалі ніякіх квітанцый аб выплаце штрафу.
У райаддзеле міліцыі накіравалі дакументы ў аўтобусны парк Гародні для далейшай праверкі. Там журналістам пацвердзілі, што затрыманне было, толькі вось як знаходлівы «заяц» здолеў сябе выдаць за іншага чалавека, транспартнікі не ведаюць. Мужчыну без пашпарта ў адпаведнасці з правіламі даставілі для высвятлення асобы ў аддзяленне міліцыі на Фолюшы, дзе супрацоўнікі праваахоўных органаў устанавілі ягонае імя і прозвішча.
Цяпер тэарэтычна вярнуць 11 рублёў 50 капеек можна праз суд, аднак сям'я Малікавых уступаць у цяжбу намераў не мае. Але ў пенсіянераў засталася крыўда і пытанне, як пры наяўнасці сучасных баз звестак так проста можна пераблытаць людзей.