BE RU EN

У Лондане «замарозілі» рахункі Каламойскага

  • 21.12.2017, 10:42

Пад арышт патрапілі больш за 2,5 мільярдаў даляраў.

Высокі суд Лондана замарозіў рахункі экс-уладальнікаў украінскага «Прыватбанка». Паводле заявы банка, Каламойскі і Багалюбаў вывелі з рахункаў амаль 2 млрд даляраў, паведамляе dw.com.

Высокі суд Лондана загадаў арыштаваць актывы двух былых уладальнікаў украінскага «Прыватбанка» - Ігара Каламойскага і Генадзя Багалюбава. Як стала вядома ў сераду, 20 снежня, арыштаваныя актывы на суму больш за 2,5 мільярда даляраў. Акрамя гэтага, замарожаныя рахункі шасці кампаній, якія, магчыма, знаходзяцца пад кантролем Каламойскага і Багалюбава.

Справа была ініцыяваная самім «Прыватбанкам». Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы банка, суду былі пададзеныя довады, з якіх вынікае, што Каламойскі і Багалюбаў «шляхам правядзення шэрагу незаконных аперацый вывелі з банка амаль 2 мільярды даляраў ЗША». Выведзеныя грошы нібыта патрапілі на рахункі кампаній двух былых уладальнікаў «Прыватбанка». Разам з адсоткамі сума, якую банк мае намер вярнуць, дасягае 2,5 мільярда даляраў.

Раней паведамлялася, што экс-уладальнікі і былое кіраўніцтва «Прыватбанка» ў сваю чаргу аспрэчваюць дзеянні Нацыянальнага банка Украіны, міністэрства фінансаў і самога «Прыватбанка». У канцы снежня 2016 года была прынятая пастанова аб нацыяналізацыі «Прыватбанка».

Апошнія навіны