Міраслаў Лазоўскі: «Фраў А» ў матэрыялах «справы патрыётаў» ніяк не фігуруе
- 21.12.2017, 19:02
Патрыёты распавялі пра дэталі сваіх спраў.
З пачатку гэтага тыдня фігуранты «справы патрыётаў» знаёмяцца са сваімі справамі. Са слоў Алеся Яўдахі, яму ўжо ўдалося прачытаць палову сабраных супраць яго матэрыялаў, паведамляе euroradio.fm.
«Тое, што вартае ўвагі, у матэрыялы справы проста не патрапіла. Я ўжо азнаёміўся прыблізна з паловай матэрыялаў, але так і не зразумеў: што да чаго, з чаго ўсё пачалося? Там проста вада. Ёсць у матэрыялах допыты фігурантаў, дзе адзін кажа адно, другі - іншае, адзін - ад сябе, іншы - відавочна што пад дыктоўку. Але канкрэтыкі, каб зразумець прычыны ўсяго гэтага, у маёй справе няма. Ці я яе не ўбачыў», - кажа Алесь Яўдаха.
Што тычыцца сказанага іншымі фігурантамі справы падчас допыту, то, са слоў Алеся Яўдахі, там таксама няма ніякага кампрамату.
«Там тое, што і так было ўсім вядома: што хтосьці хадзіў у лес, хтосьці займаўся рэчамі, якія пры пэўных раскладах можна палічыць вайсковай падрыхтоўкай. Хоць на самай справе гэта можа быць проста спорт, спартыўнае арыентаванне ці яшчэ штосьці. Звычайныя такія штукі, у якіх можна абвінаваціць палову мужчынскага насельніцтва Беларусі».
Знаёміцца са сваёй справай і былы лідар «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі. Кажа, перад пачаткам азнаямлення ў яго ўзялі падпіску пра неразгалошванне. Таму казаць нават пра тое, у якім выглядзе ў матэрыялах фігуруе нібыта знойдзены ў яго машыне аўтамат, Лазоўскі баіцца.
«А так магу сказаць, што шмат пытанняў маю. Такое ўражанне, што «Фраў А» там не адлюстроўваецца ніяк, ніякім чынам».
Чытае сваю справу і Аляксандр Зімніцкі, ён таксама пад падпіскай пра неразгалошванне. Пакуль з прачытанага Зімніцкі не жадае рабіць нейкія высновы.
Алесь Яўдаха знаёміцца са сваёй справай разам з адвакатам. Але пакуль нават яго дапамога не дапамагла хлопцу зразумець усю моц назбіранага супраць яго следчымі матэрыялу.
«Пакуль часцей за ўсё звяртаем увагу на знойдзеныя ў матэрыялах прыколы. А чагосьці сур'ёзнага, сапраўды вартага ўвагі, ні мне, ні ёй не траплялася».
У Міраслава Лазоўскага прачытанае ў сваёй справе ўсмешкі не выклікае.
«Нічога там страшнага няма, але, шчыра кажучы, і жадання пасмяяцца таксама нічога не выклікае. Таму што разумееш, што наступствы маглі быць абсалютна іншымі».
Бо любы факт і любое дзеянне пры жаданні можна інтэрпрэтаваць па-рознаму.
Нагадаем, за краты паводле справы «Белага легіёну» трапіла 35 чалавек. Іх абвінавачвалі ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Праз некалькі тыдняў маладафронтаўцаў вызвалілі, а яшчэ 20 чалавек (большасць - былыя сябры арганізацыі «Белы легіён») пачалі вінаваціць у «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання».