ЗША ўвялі санкцыі супраць сына генпракурора Расеі
- 21.12.2017, 19:10
Усяго пад санкцыі па «закону Магніцкага» 21 снежня трапілі 15 чалавек.
На думку Мінфіна ЗША, Арцём Чайка выкарыстаў становішча і магчымасці бацькі, каб несумленным шляхам атрымліваць дзяржаўную маёмасць і дзяржкантракты, а таксама аказваць ціск на канкурэнтаў, паведамляе «Медуза».
Усяго пад санкцыі 21 снежня трапілі 15 чалавек, у тым ліку дачка нябожчыка прэзідэнта Узбекістана Гульнара Карымава, а таксама больш за 30 кампаній.
У спісе ёсць, у ліку іншых, былы прэзідэнт Гамбіі Яя Джаме, ізраільскі мільярдэр Дан Гертлер, сербскі бізнэсовец, гандляр зброяй Слабадан Тэшыч і былы камандзір кіеўскага «Беркута» Сяргей Кусюк.
У прэс-рэлізе Мінфіна ЗША сказана, што санкцыі ўведзеныя ў рамках «новага рэжыму супраць парушальнікаў правоў чалавека і карупцыянераў ва ўсім свеце», які ўвяла адміністрацыя Дональда Трампа.
Арцём Чайка - бізнэсовец, сын генпракурора РФ Юрыя Чайкі. Ён і ягоны брат Ігар сталі шырока вядомыя пасля фільма ФБК «Чайка», у якім сцвярджалася, між іншым, што ён можа мець дачыненне да рэйдэрскага захопу бізнэсу.
«Закон Магніцкага» быў прыняты ў ЗША пасля смерці ў маскоўскім СІЗА юрыста Сяргея Магніцкага, які працаваў з фондам Hermitage Capital. Паводле гэтага закона ЗША ўводзяць санкцыі супраць людзей, якіх лічаць датычнымі да парушэння правоў чалавека. Ім забараняецца ўезд у краіну, а іх актывы на тэрыторыі ЗША замарожваюцца.
Першапачаткова закон датычыўся толькі парушэнняў правоў чалавека ў Расеі, але з канца 2016 года яго дзеянне распаўсюджваецца на ўвесь свет. Аналагічны закон прыняты ў Канадзе.