Вядомая лекарка-дыетолаг: У навагоднія святы ежце ўсё, што хочаце!
- 23.12.2017, 21:40
Ірына Касабакал прэзентавала ў Менску кнігу рэцэптаў «Ад перца да сэрца».
Вядомая блогерка, лекарка-дыетолаг Ірына Кабасакал прэзентавала ў Менску сваю першую кулінарную кнігу «Ад перца да сэрца». У ёй сабраны аўтарскія рэцэпты з падлікам каларыйнасці, пакрокавымі фота і апісаннем. Усяго ў кнізе 120 рэцэптаў, 60 з якіх - стравы поснай кухні, піша kp.by.
- Ідэя напісання кнігі ўзнікла пяць гадоў таму, - распавядае Ірына. - Калі я выконвала праваслаўны пост, я сутыкнулася з тым, што людзі вельмі абмежаваныя ў рэцэптах, не ведаюць, што есці і што гатаваць. Маўляў, значыць можна толькі бульбу, моркву, я ж надумала давесці, што посныя стравы могуць быць разнастайнымі і смачнымі і напісала гэтую кнігу. Я вельмі люблю гатаваць і есці, думаю, што ежа - галоўнае задавальненне ў жыцці.
Грошы на выданне кнігі збіралі можна сказаць усім светам - праз краўдфандынгавую платформу. За тры месяцы Ірына змагла сабраць 40 тысяч рублёў.
- Такі поспех атрымаўся, дзякуючы таму, што я выбрала правільную маркетынгавую стратэгію, - кажа Кабасакал. - Мяне падтрымалі многія сябры і знаёмыя, а таксама мае падпісчыкі ў сацыяльных сетках. За што ім шчыра дзякую!
Падчас прэзентацыі Ірына не толькі падпісала асобнікі ўсім, хто паўдзельнічаў у зборы грошай і замовіў, на той час, яшчэ не аддрукаваную кнігу, але і прыгатавала стравы паводле фірмовых рэцэптаў. Усе ахвотныя змаглі, напрыклад, пакаштаваць сырнікі без мукі і маласольныя гурочкі.
- Зусім хутка навагоднія святы. Можа, як дыетолаг параіце, ад чаго лепш адмовіцца ў гэты час, каб не паправіцца?
- Мае пацыенты напярэдадні навагодніх святаў у мяне пытаюцца, што можна ў гэты час есці, - кажа Ірына Кабасакал. - Я ім кажу, што яны працавалі цэлы год, таму ў гэты час можна трохі расслабіцца, так што можна есці ўсё, што хочацца! А вось ужо з 1 студзеня вярнуцца да нармальнага рацыёну.